«Litesound» разлічвае трапіць у дзясятку фіналістаў «Еўрабачання»


Другі паўфінал конкурсу пройдзе ў Баку 24 траўня. А ўчора там на сцэне канцэртнай залы «Crystal Hаll» адбылася генеральная рэпетыцыя беларускіх удзельнікаў сёлетняга спаборніцтва.

Гурт «Litesound» упершыню прэзентаваў нумар, з якім выступіць у паўфінале. У цэлым ён падобны да таго, што музыкі дэманстравалі яшчэ ў фінале «Еўрафэсту». Разынкамі сталіся стылізаваныя пад рыцарскія касцюмы музыкаў з сапраўднымі кальчугамі, а таксама «лётаючыя» гітарысты, якія «губляюць зямное прыцягненне» і пры дапамозе адмысловых магнітаў на падлозе ды ў падэшве чаравікаў завісаюць над сцэнай у гарызантальным становішчы.

На думку музыкаў, рэпетыцыя прайшла ўдала. Пасля адбылася і першая прэс-канферэнцыя беларусаў. Паводле лідара групы Дзмітрыя Каракіна, журналісты, якія працуюць на «Еўрабачанні» ў Баку, праявілі вялікую цікавасць да «Litesound»: «У нас была вельмі доўгая прэс-канферэнцыя, на якой нам задавалі шмат пытанняў, і было вельмі шмат інтэрв’ю і запытаў на інтэрв’ю пасля прэс-канферэнцыі. Мы правялі там [у «Crystal Hаll»] цэлы дзень, каля васьмі гадзінаў, давалі інтэрв’ю больш як 20 выданням адразу ж! Вельмі прыемна, што шмат хто жадае перамогі, яны цікавяцца гісторыяй групы, ім цікава, чаму ў нас у групе ёсць італьянец, просяць распавесці пра гісторыю стварэння песні «We are the Heroes».

На прэс-канферэнцыі музыкі заявілі, што разлічваюць трапіць у дзясятку фіналістаў конкурсу.

belsat.eu

Стужка навінаў