Вада з калонак цяпер не для ўсіх


Каб менчукі не кралі ваду з вулічных калонак, з іх здымуць рычагі ды раздадуць толькі тым, хто плаціць за паслугу. Здымныя рычагі з’явяцца ўжо сёлета.

Новаўвядзенне абумоўленае тым, што паводле нормаў на жыхара, які карыстаецца калонкаю, прадугледжана 45 літраў вады на дзень за 585 рублёў. Але як сцвярджаюць у УП “Менскводаканал”, пракантраляваць выдаткоўванне вады вельмі праблематычна. Часта яе бяруць жыхары, якія не падпісалі дамовы на карыстанне паслугаю, а некаторыя адмыслова прыязджаюць памыць уласны аўтамабіль.

Нягледзячы на тое, што паводле санітарных патрабаванняў калонка не мусіць размяшчацца далей за 100 метраў ад жылога дому, ручны спосаб транспартавання вады не дазваляе скарыстацца ёю ў вялікіх аб’ёмах. У выпадках стварэння бесперабойнай падачы вады з дапамогаю шлангу і цагліны на рычагу накладаецца штраф за парушэнне санітарна-гігіенічнага заканадаўства.

“Улады абмяжоўваюць права грамадзянаў карыстацца пітною вадою, але для парушальнікаў мала што зменіцца: з дапамогаю той жа цагліны, якая будзе націскаць на механізм, яны па-ранейшаму будуць браць ваду, – кажа каардынатар праектаў ГА “Цэнтр экалагічных рашэнняў” Наталля Парэчына. – Ва ўсім свеце ўжо адмовіліся ад выкарыстання калонак, яны сустракаюцца толькі ў краінах былога СССР. Да такой тэндэнцыі прывяло забруджванне ваданосных гарызонтаў змывамі з палёў, талымі водамі ды іншым. Праз некаторы час Беларусь таксама, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад адкрытай сістэмы доступу да пітной вады. Але пакуль экалагічная сітуацыя дазваляе карыстацца пітною вадою з калонак без дадатковага ачышчэння, няма сэнсу ўводзіць здымныя рычагі, гэта чарговае абмежаванне для жыхароў”.

belsat.eu

Стужка навінаў