Кіраўнікі краінаў АДКБ і СНД сустракаюцца ў Маскве


Сёння ў сталіцы Расеі адбудзецца пазачарговы саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Аляксандр Лукашэнка вылецеў у Маскву напярэдадні ўвечары, неўзабаве пасля перамоваў з прэзідэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым, які наведаў Беларусь з афіцыйным візітам 12–14 траўня.

Нечарговая сесія Савету калектыўнай бяспекі АДКБ прымеркаваная да 20-годдзя падпісання Дамовы аб калектыўнай бяспецы і 10-годдзя стварэння АДКБ. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ у вузкім складзе мае пачацца а 13.30 (паводле маскоўскага часу), а затым адбудзецца пасяджэнне Савету калектыўнай бяспекі ў пашыраным складзе. Плануецца, што прэзідэнт Расеі ды старшыня АДКБ Казахстану выступяць з заяваю для прэсы, паведаміла прэс-служба Крамля.

Чакаецца, што асноўнаю тэмаю абмеркавання будуць глабальныя і рэгіянальныя выклікі бяспецы для дзяржаваў – чальцоў АДКБ і захады дзеля калектыўнага супрацьдзеяння ім. Лідары краінаў АДКБ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан) падвядуць вынікі дзейнасці за 2002–2012 гг. і разгледзяць прыярытэтныя кірункі далейшага развіцця арганізацыі.

Напярэдадні сустрэчы чалец экспертна-аналітычнага савету пры Камітэце ў справах СНД Дзярждумы Інакенцій Адзясаў у каментарыі “РИА Новости” выказаў меркаванне, што “саміт СНД чакае няпростая размова”. “Саміт цікавы тым, што адбываецца фактычна адразу пасля інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна, гэта значыць, стане першаю вялікаю замежнапалітычнай акцыяй для новага-старога прэзідэнта Расеі”, – канстатаваў Адзясаў.

Пуцін, зазначыў ён, добра знаёмы практычна з усімі кіраўнікамі краінаў СНД, за выключэннем новага прэзідэнта Малдовы Нікалаэ Тымофці. “Але наўрад ці варта спадзявацца, што дачыненні паміж Пуціным і першымі асобамі незалежных дзяржаваў стануць будавацца паводле ўжо вядомых алгарытмаў узору сярэдзіны мінулага дзесяцігоддзя”, – мяркуе эксперт.

“Не сакрэт, – дадаў Адзясаў, – што асабістыя дачыненні Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным часта складаліся вельмі не проста. І цяпер Аляксандр Рыгоравіч стараецца ўсяляк падкрэсліць, што не збіраецца “прагінацца” пад выбранага Расеяй кіраўніка. У сваім пасланні да парламенту Беларусі Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што не чакае ад прэзідэнта Пуціна, які заступіў на пасаду, ціску на Менск. Паводле словаў Лукашэнкі, “Беларусь немагчыма зламаць”, і “ў Пуціна для гэтага няма рэсурсу, дый якасць дачыненняў сёння гэтаму не спрыяе”. Дзеля надання свайму тэзісу пераканаўчасці прэзідэнт Беларусі доўга і шмат хваліў кітайскае кіраўніцтва за мудрасць і прыхільнасць да ягонай краіны”.

belsat.eu

Стужка навінаў