«Выбарчы вечар» на «Белсаце» (відэа)


Падрабязнае асвятленне прэзідэнцкай кампаніі 19 снежня лагічна завершыцца на «Белсаце» двухгадзіннаю праграмаю «Выбарчы вечар». Яна пачнецца ў наўпроставым эфіры а 20:30 паводле менскага часу, а таксама будзе транслявацца он-лайн на сайце тэлеканалу.

На пачатку выдання прагучаць вынікі незалежных сацыялагічных даследаванняў, зробленых на замову «Белсату» згодна з усімі правіламі сацыялагічнай навукі. «Мы распавядзем, хто, паводле рэпрэзентатыўнага апытання беларусаў, мусіў перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, ці патрэбны другі тур, чаму і наколькі масава беларусы бралі ўдзел у галасаванні», – паведаміў кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. Ён распавёў, што ў студыю запрасілі чатырох аўтарытэтных экспертаў: «Імёнаў называць пакуль не буду, бо ўлады могуць сарваць іхні прыезд. Гэта будуць людзі, добра вядомыя ў Беларусі, і не толькі адмыслоўцы. Таксама будзем злучацца і з экспертамі ў Менску».



Плануюцца таксама відэаматэрыялы з паседжання ЦВК у Палацы Рэспублікі, хаця, на меркаванне Аляксея Дзікавіцкага, «збольшага ўжо цяпер можна прагназаваць, што ў іх будзе, якія звесткі». Але «Белсат» будзе рэпрэзентаваць поўную карціну: афіцыйныя і неафіцыйныя звесткі з выбарчых участкаў.



«Калі сітуацыя ўвечары 19-га будзе мець цікавае для нашых гледачоў развіццё, то, натуральна, будзем працягваць працаваць у наўпроставым эфіры столькі, колькі трэба», – анансуе Аляксей Дзікавіцкі. Прагучаць у эфіры тэлеканалу і паслявыбарчыя каментары кандыдатаў на прэзідэнцтва: «Што датычыць кандыдатаў, то мы даем ім слова штодня і не толькі ў «Аб’ектыве». Пастараемся працягнуць гэта і 19-га». І вядома, будуць наўпроставыя ўключэнні са сталічнай Кастрычніцкай плошчы. «Выбарчы вечар» будзе рабіцца ў вялікай і сучаснай студыі, якую гледачы «Белсату» яшчэ не бачылі. Вядоўцы – Алесь Залеўскі і Сяргей Падсасонны. «На гэты час нашае тэлебачанне ператворыцца з агульнатэматычнага ў інфармацыйнае. Мы таксама заклікаем нашых гледачоў дасылаць нам SMS-паведамленні, электронныя лісты, відэа пра хаду выбараў і акцыі пратэсту ў Менску – усё гэта мы будзем выкарыстоўваць падчас праграмы. Нашыя кантакты: vybary@belsat.eu, тэл. + 48 797 393 544. Кошт SMS-паведамленняў такі самы, як і ў Беларусі», – запрашае да ўдзелу ў «Выбарчым вечары» Аляксей Дзікавіцкі.

Пачатак 19 снежня а 20:30

Стужка навінаў