Аляксандр Класкоўскі: Візіт Пуціна будзе «чорнаю меткаю»


Паводле газеты «Коммерсантъ», з першым візітам новаабраны прэзідэнт Расеі наведае Менск. Што гэта значыць, і чаму напярэдадні ў Беларусь прыехаў прэзідэнт Казахстану, разважае палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Ён заўважае, што Лукашэнка і Назарбаеў пераймаюць адзін у аднаго пальму першынства ў справе інтэграцыі. Іхная сустрэча напярэдадні меркаванага прыезду ў Беларусь Уладзіміра Пуціна сведчыць пра спрэчныя моманты ў еўразійскай інтэграцыі. «У гэтым аўтарытарным трохкутніку ідзе вельмі складаная гульня», – кажа эксперт. І нягледзячы на гучныя словы пра перспектывы Еўразійскага звязу кожны думае, як адхапіць выгоды і меней аддаць.

Аляксандр Класкоўскі называе планаваны візіт Пуціна, з аднаго боку, бальзамам на душу Лукашэнкі, бо кіраўнікі дзяржаваў не так частка наведваюць Менск. З іншага боку – «чорнаю меткаю». «Крэмль мысліць катэгорыямі збірання земляў. Так ці інакш, гэта паўзучая маскоўская экспансія», – тлумачыць суразмоўца. Нашая краіна, паводле яго, у выніку чыста эканамічных захадаў, у тым ліку прыватызацыі, можа ператварыцца ў напаўкалонію.

Ці магчымая гульня Казахстану і Беларусі супраць Уладзіміра Пуціна? «Мне цяжка ўявіць, што паміж Назарбаевым і Лукашэнкам можа нейкі моцны хаўрус супраць Масквы ўзнікнуць. Могуць быць, нейкія дамовы ў дробных тактычных пытаннях. Найперш дзеля гэтага Назарбаеў і прылятаў».

Прэзідэнта Казахстану Класкоўскі называе гнуткім і хітрым лідарам: «Па вялікім рахунку ён будзе заўсёды падгульваць мацнейшаму». Палітолаг мяркуе, што Казахстан і Расея як дзве сыравінныя дзяржавы будуць накідаць свае ўмовы Беларусі. Менавіта таму побач з Саюзнаю дзяржавай і ўзнік гэты трохкутнік, дзякуючы чаму Масква і Астана змогуць «даціснуць» Лукашэнку ў спрэчных пытаннях, мяркуе госць «Гарачага каментара».

belsat.eu

Стужка навінаў