Крэдыторы супраць заробкаў $ 500


Рэалізацыя планаў павысіць заробкі да $ 500 да канца 2012 г. павялічыць дыспрапорцыі ў беларускай эканоміцы. Такую думку выказаў у інтэрв’ю начальнік аддзелу сацыяльна-эканамічнай палітыкі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Алішэр Мірзоеў.

“Калі ўлады збіраюцца падняць сярэдні заробак да канца года да $ 500, то пры іншых роўных умовах гэта значна перавысіць нават самыя аптымістычныя прагнозы росту прадукцыйнасці працы. Рэалізацыя гэтых планаў павялічыць дыспрапорцыі ў эканоміцы, якія спрабуе ліквідаваць праграма ўраду, што падтрымліваецца рэсурсамі Антыкрызіснага фонду”, – падкрэсліў Мірзоеў.

Каментуючы эканамічную сітуацыю ў Беларусі, ён зазначыў, што пасля вострага валютнага крызісу і нестабільнасці ў 2011 г. у апошнія месяцы заўважная стабілізацыя.

“Дзеля яе замацавання асабліва важна выконваць фундаментальныя прынцыпы стабільнага функцыянавання эканомікі. Рост заробку ў рэальным выяўленні (гэта значыць, з папраўкаю на інфляцыю) не мусіць перавышаць росту прадукцыйнасці працы”, – падкрэсліў Мірзоеў.

Парушэнне гэтага правіла, дадаў ён, вядзе да раскручвання інфляцыйнай спіралі.

“Менавіта гэта адбылося ў 2010 г., калі прырост рэальнага заробку больш чым утрая перавысіў прырост прадукцыйнасці працы (33 % і 10 % адпаведна). На фоне высокіх замежнагандлёвых балансаў гэта было адною з прычынаў валютнага крызісу ўвесну 2011 г.”, – рэзюмаваў Мірзоеў.

Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС быў створаны ў 2009 г., сродкамі фонду кіруе Еўразійскі банк развіцця. Летась Савет фонду прыняў рашэнне выдаць Беларусі фінансавы крэдыт на $ 3 млрд. У 2011 г. у Беларусь паступілі два траншы крэдыту на агульную суму $ 1,24 млрд.

Трэці транш на $ 440 млн Беларусь мелася атрымаць у канцы лютага 2012 г., аднак перамовы пра яго дагэтуль працягваюцца.

besat.eu

Стужка навінаў