Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.
30 кастрычніка студэнты масавы выйшлі на акцыі салідарнасці з адлічанымі навучэнцамі і звольненымі выкладчыкамі ВНУ.
Акцыі адбыліся каля БДУІР, Акадэміі мастацтва, БНТУ, МДЛУ ды іншых універсітэтаў.
На фоне пратэстаў адміністрацыя БДУІР нават пайшла на саступкі студэнтам. Кіраўніцтва ВНУ паабяцала, што ніхто адлічаны не будзе, студэнты атрымалі вымову і апошняе папярэджанне.
Адначасова працягваўся і пераслед за пратэсты ў ВНУ. У першай палове дня студэнты і выкладчыкі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту выйшлі падтрымаць звольненую выкладчыцу-італьяністку Наталлю Дуліну. А ўжо пасля абеду стала вядома, што выкладчыцу затрымалі міліцыянты.
https://belsat.eu/news/studenty-masava-vyjshli-na-aktsyyu-salidarnastsi-z-adlichanymi-navuchentsami-i-zvolnenymi-vykladchykami/
Аляксандр Лукашэнка прызначыў сёння новага начальніка ГУУС Менгарвыканкаму: ім стаў былы кіраўнік віцебскай міліцыі Міхаіл Грыб, ён атрымаў пагоны генерал-маёра. Таксама новыя званні атрымалі Юрый Караеў, Іван Кубракоў і Аляксандр Барсукоў.
https://belsat.eu/news/lukashenka-pryznachyu-novaga-kiraunika-menskaj-militsyi-im-stau-mihail-gryb/
Лукашэнка выступіў перад сілавікамі з вялікай прамовай, дзе зноў пагражаў пратэстоўцам:
«Мы цярпелі. Я адразу пазначыў: ёсць чырвоныя лініі. І не дай бог хтосьці іх пераступіць. Яны іх пераступілі па многіх напрамках, я пра гэта казаў. Таму тыя, хто сёння выходзіць на чыгунку, тыя, хто вешае фашысцкія сцягі на лініі электраперадачы, словам, тыя, хто сёння спрабуе разбурыць, дэстабілізаваць інфраструктуру дзяржавы, павінны ведаць: ад сёння, асабліва ў кватэрах грамадзянаў, куды яны хаваюцца, мы ў палон нікога не бярэм.
Калі хто-небудзь дакранецца да ваеннаслужачага (я ўжо рабіў заўвагу генералам), ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук. Я кажу гэта публічна, каб усе разумелі нашу далейшую рашучасць. Далей – усё. Нам адступаць няма куды, і мы адступаць не збіраемся. Хто гатовы, будзем дзейнічаць».
У Берасці ў межах крымінальнай справы аб «масавых закалотах» (менавіта так сілавікі кваліфікуюць падзеі 9-12 жніўня) затрымалі двух чалавек. Адзін з іх – 16-гадовы школьнік. Яго вінавацяць у тым, што ён «кінуў у бок міліцыянтаў бутэльку». На відэа, якое апублікавала міліцыя, сапраўды бачна як хлопец кідае бутэльку падчас пратэстаў, але яна не далятае да шэрагаў сілавікоў – падае мінімум у 3-4 метрах ад іх. Затрыманага падлетка працаўнікі ГУБАЗіК прымусілі каяцца на камеру.
https://belsat.eu/news/u-berastsi-gubazik-zatrymau-16-gadovaga-padletka-yago-vinavatsyats-u-masavyh-zakalotah/
Новую крымінальную справу супраць удзельніка пратэсту распачалі і ў Гомлі: 24-гадовага Аляксея Губіча вінавацяць у гвалце ў дачыненні міліцыянта.
Нагадаем, агулам ад 9 жніўня ў Беларусі распачалі ўжо больш за 650 крымінальных справаў супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту.
https://belsat.eu/news/pabachyli-na-fota-sa-stsyagam-u-gomli-hloptsu-pagrazhae-6-gadou-za-udar-nyavyyaulenym-chynam-pa-zadnyaj-paverhni-pravaj-nagi-militsyyanta/
Таксама сёння Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.289 (акт тэрарызму) і ч.4 ст.309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў) Крымінальнага кодэкса. Менавіта так у пракуратуры расцанілі сапсаванне сродкаў сігналізацыі і іншага транспартнага абсталявання, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. Адзначым, што раней Лукашэнка заявіў, што акцыі па блакаванню чыгуначнага руху варта кваліфікаваць як тэрарызм.
Справа, як паведамляецца, распачатая ў дачыненні «неўстаноўленых асобаў». Расследаванне будзе праводзіць Следчы камітэт.
https://belsat.eu/news/zatrymany-zhurnalist-belapan-pavel-dabravolski/
30 кастрычніка працягваліся затрыманні і ў адміністратыўным парадку. Паводле праваабаронцаў, цягам дня ў Менску і іншых гарадах сілавікі затрымалі мінімум 30 чалавек. Сярод іх – журналіст Павел Дабравольскі, якога міліцыянты ў масках забралі з кватэры і змясцілі ў ізалятар да суду.
Увечары адбыўся «хапун» каля ЦІП на Акрэсціна: пасля сустрэчы вызваленага пасля адміністратыўнага арышту Аляксандра Бялова была затрыманая група актывістаў анархісцкага руху і журналістка Марына Кастылянчанка.
ІІ belsat.eu