На «Кантрольны шпацыр» у Маскве выйшлі больш за 10 тысяч чалавек


Мінае першы тыдзень, як Уладзімір Пуцін вярнуўся на прэзідэнцкую пасаду, тым часам расейскія пісьменнікі Барыс Акунін і Дзмітрый Быкаў правялі шпацыр у цэнтры расейскай сталіцы.

Падобна, як і падчас леташніх «маўклівых пратэстаў» у Менску, удзельнікі не неслі плакатаў і не выкрыквалі лозунгаў, час ад часу толькі пляскалі ў ладкі самім сабе. Паводле арганізатараў, яны хацелі гэткім чынам спраўдзіць, ці можна яшчэ шпацыраваць па вуліцах сталіцы без дазволу ўладаў.

«Сэнс шпацыру ў тым, каб прадэманстраваць уладам, што нам не падабаецца, як яны да нас ставяцца ў першыя дні новага тэрміну Уладзіміра Пуціна. Калі гэта і ёсць новая версія Пуціна, якую нам так доўга абяцалі і спакушалі, то нам гэтага дакладна не трэба. Хай паводзіцца па-іншаму, або мы з вуліц не сыдзем», – кажа пісьменнік Барыс Акунін.

Гэтым разам акцыя прайшла без перашкодаў з боку паліцыі, аднак намеснік старшыні партыі «Справедливая Россия» Генадзь Гудкоў мяркуе, што калі ўлады не пойдуць на дыялог, сітуацыя можа пагоршыцца.

«Калі б улада заўсёды разумела жаданні народу, якія настроі пануюць у грамадстве, то ў свеце не было б ні грамадзянскіх войнаў, ні рэвалюцыяў, ні бунтаў. У мяне такое ўражанне, што ўлады ўсцяж падымаюць краіну з каленяў і цешацца з гэтага. Думаю, яны зусім не разумеюць, што адбываецца. Пуцін – ужо не прэзідэнт Масквы. Ён можа быць прэзідэнтам Башкірыі, Дагестану, Чэчэніі, але ж вы бачыце, што тут адбываецца. Калі неадкладна не пачнецца дыялог і штосьці не адбудзецца, то гэта ўсё мірнае атрымае зусім іншыя формы», – кажа Генадзь Гудкоў.

Тыдзень таму на «Маршы мільёнаў», які сабраў да 40 тыс. чалавек, дайшло да боек з паліцыяй, калі анархісты ды іншыя радыкальныя пратэстоўцы спрабавалі прарваць ланцуг праваахоўнікаў, што не пускалі іх на месца правядзення мітынгу.

Ядро актывістаў апазіцыі ўжо некалькі дзён трымае намётавы лагер у цэнтры сталіцы на «Чыстых прудах», каля помніку казахскаму паэту Абаю.

belsat.eu

Стужка навінаў