Лукашэнку можна быць без каскі


Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы адмовіўся прыцягваць да адказнасці службовых асобаў, якія дапусцілі Аляксандра Лукашэнку, ягонага малалетняга сына Мікалая і біятланістку Дар’ю Домрачаву да каменных працаў падчас суботніку без сродкаў індывідуальнай засцярогі.

Муляр пятага разраду з Магілёва Аляксей Паўлоўскі 26 красавіка звярнуўся ў шэраг інстанцыяў, у прыватнасці ў дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы і Генеральную пракуратуру, з патрабаваннем пакараць вінаватых, якія дапусцілі, на ягоную думку, парушэнне нормаў бяспекі працы падчас рэспубліканскага суботніку пры будаўніцтве аквапарку ў Менску 21 красавіка. Згодна з заканадаўствам, да такіх працаў могуць быць дапушчаныя толькі асобы мужчынскага полу, не маладзейшыя за 18 гадоў, цалкам забяспечаныя сродкамі індывідуальнай засцярогі.

Як вынікае з адказу дэпартаменту ад 8 траўня, указаныя ў звароце Паўлоўскага асобы ні ў працоўных, ні ў грамадзянска-прававых адносінах з арганізацыяй, якая ажыццяўляе будаўніцтва аквапарку, не былі.

«Такім чынам, апісаныя ў вашай заяве дзеянні фізічных і юрыдычных асобаў не трапляюць пад дзеянне закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы», гэтак жа як і адсутнічаюць падставы для прыцягнення да адказнасці за парушэнні патрабаванняў аховы працы службовых асобаў будаўнічай арганізацыі», – гаворыцца ў адказе за подпісам дырэктара дэпартаменту Анатоля Садоўнічага. У звязку з вышэйвыкладзеным прадстаўнікі інспекцыі адмовіліся праводзіць на будаўніцтве аквапарку пазапланавае правяранне заканадаўства аб ахове працы.

Адначасова Паўлоўскаму паведамілі, што пытанні арганізацыі бяспекі прэзідэнта Беларусі і чальцоў ягонай сям’і ад замахаў, працэсаў і з’яваў прыроднага, тэхнагеннага ды іншага характару ёсць прадметам рэгулявання закону «Аб дзяржаўнай ахове», і адказнасць за іх ляжыць на Службе бяспекі прэзідэнта.

У адказе з Генпракуратуры гаворыцца, што такія пытанні падлягаюць першапачатковаму разгляду па сутнасці «ў арганізацыях, да выключнай кампетэнцыі якіх адносіцца разгляд пытанняў, выкладзеных у звароце».

Аляксей Паўлоўскі сутнасцю адказаў не задаволены і мае намер абскардзіць іх у судзе. «Яны паказалі сваю некампетэнтнасць, непавагу наогул да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, – заявіў Паўлоўскі. – Атрымліваецца, што ў нас за адныя і тыя ж парушэнні адныя вінаватыя, а іншыя – не. Гэтым пытаннем буду займацца я, незалежны прафсаюз РЭП, і на самым высокім узроўні давядзем яго да лагічнага канца».

belsat.eu

Стужка навінаў