«Млын моды» ў Менску


У фінале XXI рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”, які адкрыўся 11 траўня ў Менску, будзе прэзентаваная 121 калекцыя 132 дызайнераў.

У конкурсе прадугледжаныя намінацыі “Школа моды” для маладых дызайнераў, “Майстар моды” для арганізацыяў у галіне моды, “Фота”. Мадэлі – удзельнікі конкурсу змогуць прэтэндаваць на перамогу ў намінацыях “Супермадэль Беларусі”, “Міс (містэр) мадэль Беларусі”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”. Для адмыслоўцаў у галіне цырульніцкага майстэрства, дэкаратыўнай касметыкі ды нэйл-арту існуе намінацыя “Майстар стылю”.

Адборачныя туры для ўдзельнікаў конкурсу праходзілі ўвесну ў рэгіёнах Беларусі ды Менску. Фінал конкурсу адкрыўся паказамі калекцыяў дызайнераў у намінацыях “Школа моды”, “Майстар моды” і “Prêt-à-Porter”.

12 траўня адбудзецца паказ найлепшых беларускіх калекцыяў, паказ гасцей конкурсу з Расеі, Латвіі ды Вялікай Брытаніі, гала-канцэрт з удзелам зорак эстрады. Упершыню ў межах дабрачыннага праекту “Стыльны пачатак” пройдзе паказ дзіцячай калекцыі моды. Яе прадэманструюць выхаванцы дзіцячага дому № 2 Менску. Кожная мадэль зможа забраць сабе свой убор.

belsat.eu

Стужка навінаў