Алег Волчак: Лукашэнка пазбаўляецца ад людзей Навумава


Анатолю Куляшову не хапіла двух тыдняў, каб адзначыць угодкі на міністэрскай пасадзе. Сёння, 11 траўня, Аляксандр Лукашэнка вызваліў яго ад абавязкаў кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў. На ягонае месца прызначаны 45-гадовы следчы Ігар Шуневіч.

Указ пра змену міністра Аляксандр Лукашэнка падпісаў праз тры дні пасля паслання да парламенту і народу. У ім прэзідэнт абяцаў глыбока рэфармаваць Міністэрства ўнутраных справаў такім чынам, каб “нікога не пакрыўдзіць”. Сёння Аляксандр Лукашэнка публічна прэзентаваў пераемніка Куляшова.

Паводле праваабаронцы і былога следчага, адстаўка Куляшова планавалася яшчэ паўгода таму.

“Апошнім часам міністр даволі часта быў на бальнічным, а гэта ж даволі сур’ёзная пасада, дзе міністр мусіць увесь час прысутнічаць. Фактычна гэта апошні чалавек Навумава з найвышэйшых эшалонаў улады. Каманда Куляшова проста выканала сваю задачу ў снежні 2010 г., і цяпер яны пакрыху вызваляюць свае месцы”, – кажа Алег Волчак.

Якою будзе міліцыя з новым міністрам? Магчыма, дзякуючы ўплыву КДБ праваахоўнікі ўзмоцняць свае пазіцыі, а можа, спецслужбы пачнуць адыгрываць яшчэ больш важную ролю.

Новы міністр МУС Ігар Шуневіч нарадзіўся ва Украіне, аднак юрыдычную адукацыю атрымаў у нашай краіне. Кар’еру распачаў у міліцыі, аднак сапраўднага поспеху дабіўся ў КДБ, дзе даслужыўся да кіраўніка следчага аддзелу. Менавіта ён разглядаў справу паслявыбарчых пратэстаў 2010 г., пасля чаго атрымаў пасаду намесніка міністра ўнутраных справаў.

“На сёння выглядае, што пазіцыі МУС будуць аслабленыя, і адзінаю моцнаю сілавою структураю застанецца КДБ. Вядома, на такую пасаду ставяць адданых людзей, сваю адданасць ён даказаў падчас разгляду паслявыбарчых справаў. Я думаю, што гэты чалавек будзе да канца адданы сістэме, бо ён шмат ведае і будзе яшчэ доўга патрэбны на гэтай пасадзе”, – мяркуе праваабаронца.

Кожны аўтарытарны рэжым баіцца наменклатурнага перавароту. Куляшоў, які прайшоў шлях ад міліцыянта да міністра, мог быць небяспечным. Як мяркуе Волчак, гэта стала адною з галоўных прычынаў страты пасады.

belsat.eu

Стужка навінаў