Гомельская будоўля: улады «крышавалі» крымінальную фірму


Карупцыйны скандал разгараецца ў Гомлі. Дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства, якім кіруе гарвыканкам, наняло фірму з вядомаю крымінальнаю рэпутацыяй. Магчымасцю красці людскія грошы пад бокам ва ўладаў фірма і скарысталася. Гэтыя факты выявіліся падчас праверкі Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Гомельcкія ўлады паўтара года давалі магчымасць красці на будоўлях грошы людзей фірме з Бабруйску – ТДА “Люнікс”. Згодна з папярэднімі ацэнкамі, фірма нямэтава выкарыстала Br 1,2 млрд.

Адзінае ў Гомлі прадпрыемства, што мае права замаўляць будаўніцтва жылля, – Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму. Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці правёў вялікую праверку дзейнасці гэтай арганізацыі ды выкрыў шматлікія парушэнні заканадаўства пры будаўніцтве, а таксама ў працы са зваротамі грамадзянаў. Цяпер вырашаецца пытанне аб крымінальнай справе супраць кіраўніцтва УКБ (спіс кіраўнікоў).

У сакавіку 2010 г. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму замовіла фірме з Бабруйску “Люнікс” рэканструкцыю інтэрнату пад жылы дом на вул. Дзімітрыева, 80. Дзеля тэхнічнага нагляду чыноўнікі з гарвыканкаму нанялі фірму “УКС-Дронго”, хоць самі мелі ў штаце адмыслоўцаў. Выкананне працы ані тых, ані іншых выканкам не кантраляваў: даведкі пра кошт працы, разлікі коштаў паслугаў тэхнагляду падпісвалі з заплюшчанымі вачыма. Як вынік, падрадчык і адмысловец тэхнагляду атрымлівалі грошы амаль без выканання сваіх абавязкаў, перадае прэс-служба Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Праз бяздзейнасць уладаў гатоўнасць будаўнічага аб’екту цяпер складае 2 %, “Люнікс” нямэтава выкарыстаў Br 1,2 млрд з Br 1,8 млрд, атрыманых на выкананне замовы. Завышэнне коштаў будаўніча-мантажных працаў, якія аплачвалі грамадзяне, складае Br 1,16 млрд.

Даведка “Белсату”:

Бабруйская кампанія “Люнікс” вядомая з 2004 г. як фірма, з дапамогаю якой Сяргей Валяваты (да 2008 г. намеснік мэра Бабруйску) адкрываў субрахункі для крымінальных угодаў. У 2006–2008 гг. іншая фірма Валяватага займалася будаўніцтвам дому ў менскім раёне Сухарава, дзе таксама не абышлося без карупцыйнага скандалу, да якога мелі дачыненні чыноўнікі з Менгарвыканкаму. Калі справамі намесніка мэра Бабруйску шчыльна занялася Генеральная пракуратура, Сяргей Валяваты ўцёк з краіны.

ТДА “Люнікс” неаднаразова прыцягвалася да адказнасці ў судовым парадку праз спрэчкі ў будаўнічай галіне. У лістападзе 2010 г. Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі праводзіў публічны аўкцыён маёмасці гэтай фірмы ў выглядзе двух аўтамабіляў: “Фольксваген Пасат” 2007 г. в. (Br 38 млн) і ЗІЛ 1989 г. в. (Br 6,6 млн).

belsat.eu

Стужка навінаў