Камароўскі: Няма не толькі льготаў, а простай павагі да «афганцаў»


Як заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, “афганцы” мусяць стаць ядром патрыятычных сілаў”.

Нагодаю для сустрэчы прэзідэнта з Беларускім саюзам ветэранаў вайны ў Афганістане сталася абранне новага лідара руху – Валерыя Гайдукевіча. Камандуючы ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных справаў мае зрабіць з саюзу актыўную грамадскую сілу і прыклад для моладзі, заявіў Лукашэнка.

У Беларусі каля 35 000 сем’яў вайскоўцаў, што прайшлі Афганістан. Хоць шмат якіх удзельнікаў канфлікту няма ў жывых, памяць пра іх захоўваюць іхныя сваякі. Яны аб’яднаныя ў дзве арганізацыі – праўладны Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане і Рэспубліканскае аб’яднанне інвалідаў вайны ў Афганістане.

“Яны нібыта і мала чым адрозніваюцца, бо на кіроўныя пасады прызначаюцца чыноўнікі, якія, канечне, не будуць вырашаць праблемаў шараговых сяброў арганізацыі. Такія, як Валерый Гайдукевіч. Але гэты рух неаднародны – у нашай краіне не выконваюцца нормы, якія былі ўсталяваныя адносна ветэранаў Афганістану, што былі яшчэ ў момант распаду Савецкага Саюзу. У нас забралі ўсе льготы і павагу. І вось уявіце – маладыя людзі, якія ваявалі ды аддавалі свае жыцці, былі прыроўненыя да звычайных чыноўнікаў”, – кажа Аляксандр Камароўскі.

Паводле ветэрана вайны ў Афганістане, калі “афганцы” выступалі з крытыкаю ўладаў – на іх аказваўся ціск.

“А цяпер улады хочуць заручыцца падтрыманнем – нібыта ўся гэтая маса падтрымлівае гэтыя ўлады, што не праўда. Няма не тое што льготаў і дапамогі, а простай павагі да людзей, што прайшлі вайну. Словы Лукашэнкі – гэта звычайная дэмагогія”, – падкрэсліў Аляксандр Камароўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў