«Ferrari» просіць прабачэння ў кітайцаў


Кітайская грамадскасць абураная з дзеянняў мясцовага прадстаўніцтва «Ferrari», якое выкарыстала гістарычны помнік у рэкламных мэтах.

Адзін з кітайскіх тэлеканалаў паказаў відэа, на якім кіроўца на «Ferrari 458 Italia sedan» паказваў трукі на браме Чжун-Хўа, пабудаванай у часы дынастыі Мін у горадзе Нань-Цзін больш як 600 гадоў таму. Гледачам таксама паказалі здымкі, зробленыя мабільным тэлефонам, на якіх бачна, як працаўнікі спрабуюць адмыць сляды шынаў на браме.

«Я не думаю, што брама Чжун-Хўа – адпаведнае месца для такіх імпрэзаў. Брама цяпер зачыненая для турыстаў, у тым ліку для тых, што прыехалі за тысячы кіламетраў», – гаворыць адзін з наведнікаў брамы.

Кампанія «Ferrari» афіцыйна арэндавала гэты турыстычны аб’ект на паўдня за $ 12 тыс., аднак цяпер выказвае шкадаванні за інцыдэнт і прызнае свае дзеянні памылковымі. У сваёй заяве «Ferrari China» гаворыць, што трук быў вынікам несанкцыянаваных дзеянняў, здзейсненых у Нань-Цзін. Трукі на «Ferrari 458 Italia sedan» коштам амаль $ 1 млн долараў меліся зрабіцца часткаю рэкламнай кампаніі «Ferrari», прысвечанай 20-годдзю выхаду італьянскага вытворцы на кітайскі рынак.

belsat.eu

Стужка навінаў