Уладзімір Падгол: Лукашэнка марыць пра кітайскую мадэль


Палітолаг Уладзімір Падгол каментуе штогадовае пасланне Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.

Першае пытанне: чаму кіраўнік дзяржавы зацягваў з выступам? Паводле Уладзіміра Падгола, сапраўднай прычыны мы ніколі не даведаемся. Але пасланне напярэдадні Дня Перамогі – ідэальны час для Аляксандра Лукашэнкі з ягоным «менталітэтам ваяра-параноіка», які заўсёды прыдумае, з кім і за што змагацца.

Важны момант у пасланні, мяркуе палітолаг, – словы пра кітайскую мадэль з таталітарным кіраваннем у палітыцы і рэформамі ў эканоміцы. Уладзімір Падгол кажа, што менавіта пра такі варыянт насамрэч марыць Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым палітолаг нагадвае: кіраўнік краіны неаднаразова казаў, што яму надакучыла прэзідэнцкая пасада. «Я ўпэўнены, што калі б яму далі 1000-адсоткавую гарантыю, што яго не пасадзяць у турму, калі ён сыдзе з пасады, і захаваюць ягоныя грашовыя прыбыткі, ён бы збег проста».

Паводле Уладзіміра Падгола, нягледзячы на стабілізацыю рубля, вяртанне амбасадараў і замірэнне з Расеяй, Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца да войнаў. Прычыны – мажлівае пашырэнне санкцыяў Еўразвязу, а таксама хуткае ўступленне Расеі і Казахстану ў СГА, што азначае прыток замежных тавараў на беларускі рынак.

belsat.eu

Стужка навінаў