Літоўцы ўсур’ёз узяліся за гаманцы беларусаў


Адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Вільні «Ozas» пачаў рэкламавацца ў Беларусі і навучыў персанал гаварыць па-расейску. А ў Менску пачалі выходзіць гіды па крамах Літвы са зніжкамі адмыслова для беларусаў.

Самы папулярны інтэрнэт-рэсурс Беларусі TUT.BY размясціў банэрную рэкламу віленскага гандлёвага цэнтру «Ozas». Ён запрашае беларусаў на марафон шалёных зніжак. Бадай, гэта першы выпадак, калі рэклама шопінгу ў Вільні выйшла на такі сур’ёзны ўзровень. Што ўсё гэта значыць, літоўскі бок патлумачыў у інтэрв’ю «Белсату».

«Беларускі пакупнік робіцца тут сваім, – расказвае Кястуціс Ісакас, дырэктар рэкламнага агенцтва «AD Hunters Baltics», што займаецца маркетынгам літоўскіх крамаў за мяжою. – Менавіта для беларусаў створаная праграма лаяльнасці, уведзеная сістэма зніжак і «Tax Free», а таксама абслугоўванне на расейскай мове».

Паводле Кястуціса Ісакаса, на сённяшні момант у Беларусі і Калінінградскай вобласці, дзе рэкламуюцца літоўскія крамы, назіраецца адчувальная нястача буйных гандлёвых цэнтраў, а таксама бракуе разнастайнасці сусветна вядомых гандлёвых марак. «І нашая рэклама працуе. Гэта відаць па колькасці наведнікаў-турыстаў у гандлёва-забаўляльным цэнтры», – падсумоўвае дырэктар агенцтва.

Рабіць шопінг у Вільні заклікае і беларускі бок. Максім Табораў заснаваў часопіс «В Литву!», бясплатныя нумары якога можна сустрэць у рэйсавых аўтобусах на Вільню. Дзесяцітысячны тыраж рэкламнага часопісу, які распаўсюджваецца ў менскім рэгіёне, ужо амаль разышоўся.

«Гэта звычайны камерцыйны праект, як і іншыя мае праекты. Ёсць магчымасць збіраць літоўскую рэкламу і адрасаваць яе беларускім чытачам. Наш праект не ўнікальны, на рынку з’явілася аналагічнае літоўскае выданне. Гэта паказвае, што цікавасць да трансмежных паездак расце не толькі з нашага боку», – расказвае Максім Табораў.

З Літвы заснавальнік рэкламнага часопісу раіць везці ўсё, бо ў пакупніка заўсёды ёсць магчымасць сэканоміць пры вяртанні падаткаў:

«Нават калі рэчы каштуюць аднолькава, то пры вяртанні падатку паводле сістэмы «Tax Free» ты вяртаеш каля 21 % кошту тавару. Вось нават на гэтым можна эканоміць. Не сакрэт, што можна таксама шукаць тавары, якія каштуюць танней, чымся ў Беларусі».

Праўдзівай статыстыкі наконт колькасці беларусаў, якія ездзяць закупляцца ў Літву, мяркуе ўласнік часопісу, не існуе. Бо ніхто не стаяў каля ўваходу ў крамы і не лічыў беларусаў.

Нагадаем, што Беларусь выйшла на першае месца ў свеце паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Еўрапейцы выдалі беларусам 428 тыс. кароткатэрміновых візаў.

belsat.eu

Стужка навінаў