Праваабаронцы патрабуюць спыніць антыцыганскую рыторыку


Сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту Марыя Багдановіч накіравала зварот у рэдакцыю газеты “Гомельская правда”, аддзел у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Гомельскага аблвыканкаму і начальніку Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкаму Ірыне Даўгале ў звязку з публікацыямі ў рэгіянальных выданнях, сярод іншых – у газетах “Гомельская правда” і “Светлае жыццё”, якія абражаюць, на ейную думку, нацыянальную годнасць цыганскага народу і распальваюць ксенафобскія настроі.

“У артыкулах журналісты дапускалі абагульненні, сутнасць якіх у тым, што ўсе цыганы – злачынцы і лепш з імі не мець зносінаў, а пры сустрэчы выклікаць міліцыю. Я прашу кіраўніка абласной ідэалогіі, бо гэтаму ўпраўленню падпарадкоўваюцца дзяржаўныя газеты, узяць сітуацыю пад кантроль і правесці з рэдактарамі і журналістамі гутарку пра недапушчальнасць антыцыганскіх выпадаў у друку і ўказання на нацыянальнасць злачынцаў, кім бы яны ні былі”, – заявіла спн. Багдановіч.

“Я сама сустракаюся з цыганамі, у мяне ёсць сябры і прыяцелі сярод іх, вельмі люблю сучасную цыганскую паэзію, сярод ромаў вельмі шмат годных людзей, – адзначыла праваабаронца. – Я вельмі занепакоеная з таго, што нашая адносная стабільнасць у нацыянальным пытанні можа расхістацца, бо, паводле маіх назіранняў, ксенафобскія настроі за апошнія гады ўзраслі. І калі і журналісты, і міліцыя будуць некарэктна выказвацца на адрас цыганскага народу, а такое здараецца, то можа ўзнікнуць вельмі сумная сітуацыя, калі хуліганы зноў будуць нападаць на цыганоў і грамадства будзе дэстабілізаванае”.

Каментуючы тое, што сярод цыганоў ёсць наркадылеры і махляры, Багдановіч адзначыла, што людзей, якія займаюцца незаконным бізнесам, трэба асцерагацца незалежна ад таго, да якой нацыянальнасці яны належаць. “А калі міліцыя любіць рабіць акцэнт, што злачынцаў шмат сярод цыганоў, то нельга забываць, што цыганам цяжка ўладкавацца на афіцыйную працу – з прычыны цыганафобіі. Я ведаю выпадкі, калі чалавек хацеў уладкавацца на працу, а яму адмаўлялі без падставаў. Таму перш як абвінавачваць некага, трэба паглядзець на сябе. А тым, хто звяртае ўвагу на тое, што сярод цыганоў мала адукаваных людзей, добра было б успомніць, што цыганы з дзяцінства размаўляюць на дзвюх мовах. Так не кожны беларус можа. Цыганы любяць і шануюць родную мову, так што ў іх ёсць чаму павучыцца і высокаадукаваным беларусам”, – заявіла прадстаўніца БХК.

belsat.eu

Стужка навінаў