82-гі дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Беларусь закрыла мяжу

29 кастрычніка ў другой палове дня сталі распаўсюджвацца звесткі пра тое, што беларусы не могуць вярнуцца на радзіму праз мяжу з Літвой, Латвія, Польшчай і Украінай. Увечары інфармацыю аб закрыцці мяжы афіцыйна пацвердзіў Дзяржаўны памежны камітэт.

«У сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай, якая склалася ў сумежных краінах, Рэспубліка Беларусь часова абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фiзiчных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны», – адзначаецца ў заяве Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Пад абмежаванні не падпадаюць дыпламаты, кіроўцы міжнародных аўтамабільных перавозак, экіпажы чыгункі. Разам з тым пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Менск функцыянуе без абмежаванняў.

Ужо ноччу прадстаўнік дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў журналістам, што беларускіх грамадзянаў усё ж пачалі пускаць на радзіму.

Раней сёння, прызначаючы новых памочнікаў па Менску, Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра падрыхтоўку адмысловых мерапрыемстваў на мяжы, звязаных з пагрозай агрэсіі з боку NATO.

«Нам трэба сёння яшчэ раз паглядзець, мы шмат зрабілі, калі я казаў: мы павінны закрыць мяжу. Закрыць мяжу – не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не трэба», – дадаў ён.

Адстаўка Караева і іншыя кадравыя перастаноўкі

Аляксандр Лукашэнка звольніў з пасады міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. Замест яго міністрам быў прызначаны Іван Кубракоў, які раней узначальваў ГУУС Менгарвыканкаму.

«Я вывучаў, раіўся і з дзясятка прапанаваных кандыдатур абраў Кубракова. Па-першае, у нас больш-менш складаная сітуацыя ў Менску, ёю прыйдзецца займацца, ты ў тэме. Вядома, не адзін будзеш займацца, там будзе начальнік ГУУС, якому ты дакладна не будзеш замінаць працаваць, таму што сам толькі што прайшоў гэты ўзровень, – сказаў Лукашэнка. – З іншага боку, у цябе ўжо досвед. Калі новаму начальніку ён спатрэбіцца, ты яго перадасі».

Адначасова Караеў быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Гарадзенскай вобласці, Аляксандр Барсукоў – памочнікам па Менскай вобласці, а Валер Вакульчык – памочнікам па Берасцейскай вобласці.

Hавiны
Лукашэнка загадаў ствараць з былых вайскоўцаў лятучыя атрады для барацьбы з пратэстамі
2020.10.29 16:56

Рэпрэсіі і салідарнасць

Беларускія ВНУ працягваюць пачкамі адлічваюць студэнтаў, якія бяруць удзел у страйках і акцыях салідарнасці. У некаторых універсітэтах разам з выпіскай аб азнаямленні з загадам на адлічэнне выдаюць позву ў ваенкамат.

Hавiны
«Віншую, вас адлічылі». У Беларусі масава выганяюць студэнтаў з ВНУ
2020.10.29 17:39

Праходзілі сёння і кропкавыя затрыманні студэнтаў, што ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці.

Таксама стала вядома пра выпадкі міліцэйскага гвалту ў дачыненні студэнтаў. Паводле праваабаронцаў, пяць 17-гадовых студэнтаў-страйкоўцаў былі затрыманыя 27 кастрычніка пасля акцыі салідарнасці. Чацвёра з іх былі жорстка збітыя сілавікамі ў міліцэйскім аўтобусе, пасля чаго ў лякарні ўсім дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, а некаторым – чэрапна-мазгавыя траўмы, пералом носа і іншыя траўмы. На чатырох студэнтаў у Кастрычніцкім РУУСе былі складзеныя пратаколы па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

Нягледзячы на рэпрэсіі, у шэрагу беларускіх ВНУ сёння ўсё роўна прайшлі акцыі салідарнасці.

Акцыю ў падтрымку студэнтаў зладзілі таксама медыкі.

Пратэставалі сёння і людзі з інваліднасцю: яны ўжо традыцыйна сабраліся на плошчы Незалежнасці. Акцыя абышлася без затрыманняў.

А ўвечары ў Курапатах прайшла традыцыйная акцыя Ноч расстраляных паэтаў. У ёй прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.

Hавiны
Ноч расстраляных паэтаў-2020. Фотарэпартаж
2020.10.29 22:18

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў