«Мёртвыя душы» life:) былі карпаратыўным сакрэтам


Прэсавая служба мабільнага аператара паведамляе, што інфармацыя пра скарачэнне абанентаў life:) на 100 000 з’явілася з неафіцыйнай крыніцы. Больш за тое, гэтыя звесткі мусілі захоўвацца ў таямніцы і толькі напалову праўдзівыя.

“life:) за студзень-сакавік згубіў 100 тыс. абанентаў” – навіны з такімі загалоўкамі з’явіліся 4 траўня. У каментары “Белсату” прэсавы сакратар і галоўны PR-адмысловец кампаніі life:) Максім Івашын назваў гэта неафіцыйнымі звесткамі.

“У справаздачы нашай матчынай кампаніі “Тurkcell”, на якую спасылаюцца інтэрнэт-рэсурсы, не падаецца інфармацыі пра абаненцкую базу. Я не буду казаць, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, але гэтыя лічбы з неафіцыйнай крыніцы”, – сказаў Максім Івашын.

Спецыяліст растлумачыў, адкуль узяліся 100 000 “мёртвых душаў” life:). Агульная колькасць карыстальнікаў – 1,8 млн. Але ёсць панятак “актыўныя карыстальнікі” – іх 1,7 млн. У свой час сім-карткі раздаваліся ўсім і кожнаму, а выкарыстоўвалі іх далёка не ўсе, што працягваецца і цяпер.

“І лічба 1,7 млн актыўных абанентаў адпавядае рэчаіснасці, паводле нашага маніторынгу, хоць гэта службовая інфармацыя. Мы ведаем пра некаторыя крыніцы “зліву” ў нашай кампаніі, але не тое каб гэта было ўцечкаю. За гады працы сур’ёзны выпадак уцечкі ўнутранай інфармацыі быў толькі аднойчы і датычыўся разгалашэння ўнутранага парадку тарыфікацыі. Гэта не быў прамысловы шпіянаж, аднак той чалавек адразу пакінуў месца працы”, – паведамляе прэсавая служба мабільнага аператара.

belsat.eu

Стужка навінаў