Алег Волчак: Міліцыя ніколі не прызнае сваіх памылак


Першатравень у Калінкавічах. На вачах у дзясяткаў людзей працаўнікі міліцыі ўтрымліваюць (тварам да ходніка, у крыві) няпоўнагадовага маладзёна… Пасля гэтага, паводле сайту “Хартыя-97”, хлапчука даставілі ў шпіталь з пераломам шыі ды знявечаным тварам… Відэа з’явілася ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Міліцыя цвердзіць, што дапамагала разняць бойку і што звестак пра значныя траўмы затрыманага ў іх няма. Справу хлопца разглядае Следчы камітэт. Яму можа пагражаць адказнасць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – “Супраціў працаўніку органаў правапарадку” (да 5 гадоў пазбаўлення волі) і “Хуліганства” (да 3 гадоў пазбаўлення волі).

Паводле Івана Кубракова з упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС, гаворкі аб прыцягненні да адказнасці міліцыянтаў няма.

“Пакуль магу папярэдне сказаць: канфлікт узнік паміж дзвюма кампаніямі маладых людзей, у адной з якіх быў п’яны малады чалавек з дзяўчынаю. Канфлікт перарос у бойку, і менавіта дзяўчына выклікала міліцыю, каб супакоіць свайго сябра. Яна ж потым выклала відэа ў сетцы. Спачатку просяць дапамогі, потым хочуць зрабіць некага крайнім”, – паскардзіўся чыноўнік.

Паводле былога следчага і праваабаронцы Алега Волчака, нават калі чалавек здзейсніў правапарушэнне, міліцыянты маюць ужываць фізічную сілу такім чынам, каб не нанесці траўмаў.

“Дзеля гэтага яны праходзяць адмысловую фізічную падрыхтоўку, і мяне здзівіла, што ў гэтага маладога чалавека столькі траўмаў. Таму мусіць заводзіцца справа не толькі супраць меркаванага хулігана, але і супраць працаўнікоў міліцыі”, – кажа спадар Волчак.

Дзеля завядзення справы неабходна спраўдзіць, якія фізічныя пашкоджанні атрымалі міліцыянты, і з гэтага гледзішча рабіць выснову пра адэкватнасць іхных дзеянняў.

“Калі ж там насамрэч была бойка, то мусяць затрымаць тых грамадзянаў, што ў ёй удзельнічалі. Я так разумею, міліцыя хоча сказаць, што траўмы былі нанесеныя не міліцыяй, а іншымі хлопцамі. Дык пакажыце іх, а то ўсё на аднаго чалавека. І зноўку – нават калі ён там і крычаў і кідаўся на іх, то паводле закону аб органах унутраных справаў, яны мусяць дзеяць так, каб не прыніжаць гонар чалавека”, – кажа Алег Волчак.

Паколькі імя маладога чалавека дагэтуль не раскрываюць, праваабаронца ўпэўненыя, што на яго будуць ціснуць, каб вымусіць прызнаць віну.

belsat.eu

Стужка навінаў