Збіла міліцыя – пойдзеш пад суд


Атрымаў працяг першатравеньскі інцыдэнт у Калінкавічах. Учора ў сеціве з’явілася відэа, на якім працаўнікі міліцыі прыціснулі маладога чалавека тварам да бруку і не звяртаюць увагі на заклікі мінакоў адпусціць яго.

Як стала вядома пазней, хлопца даставілі ў раённы шпіталь нібыта з пераломам шыі. Як паведамілі радыё “Свабода” ў мясцовым шпіталі, 17-гадовы юнак учора, 3 траўня, быў выпісаны з хірургічнага аддзялення на амбулаторнае лячэнне. Пераломаў не выявілі.

Паводле першага намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Івана Кубракова, інцыдэнт адбыўся па-за месцамі правядзення святочных імпрэзаў з нагоды 1 траўня. Канфлікт узнік паміж дзвюма кампаніямі маладых людзей, у адной з якіх быў п’яны хлопец з дзяўчынаю. Канфлікт перарос у бойку, і менавіта дзяўчына выклікала міліцыю, каб супакоіць свайго сябра. Яна ж, як сцвярджае прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў, выклала відэа ў інтэрнэт.

Як паведаміў Кубракоў, матэрыялы на маладога чалавека перададзеныя ў Следчы камітэт. Цяпер вырашаецца пытанне аб распачынанні ў дачыненні яго крымінальных справаў за супраціў міліцыі ды хуліганства.

У сваю чаргу праваабаронца і былы следчы Алег Волчак упэўнены, што нават калі малады чалавек не меў рацыі ў той сітуацыі, міліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы.

“Складаецца ўражанне, што працаўнікі міліцыі не займаюцца ні самба, ні рукапашным боем, і таму яны толькі і могуць, што скруціць простым сялянскім чынам, ударыць па галаве, зламаць сківіцу… Гэта не прафесіяналізм. Паўстае пытанне аб псіхалагічнай прыдатнасці гэтых працаўнікоў – прычыняць такі боль і не звяртаць увагі на заўвагі, дый яшчэ на вачах у дзяцей. Хачу праз “Белсат” звярнуцца да сведкаў – вы мусіце звязацца са сваякамі хлопца, паведаміць праваабаронцам і медыям пра тое, што вам вядома. Бо ўсё могуць павярнуць супраць пацярпелага”, – заклікаў Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў