За Бяляцкага хочуць чарговы выкуп


Сёлетняя амністыя можа не распаўсюджвацца на зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Як правіла, Закон аб амністыі прадугледжвае катэгорыі зняволеных, на якія амністыя не распаўсюджваецца. Напрыклад, калі асуджаны не стаў на шлях выпраўлення ці парушаў рэжым утрымання. А таксама, як правіла, указваецца ў якасці падставы нераспаўсюду амністыі тое, што ў дачыненні асобы ёсць матэрыяльныя прэтэнзіі ды пазовы, не пагашаныя на момант прыняцця закону, – гаворыць Валянцін Стэфановіч. – Тэарэтычна гэта можа стварыць такую сітуацыю, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на Алеся Бяляцкага. Хаця калі б распаўсюджвалася, то з ягонага тэрміну маглі б зняць год».

Суд Першамайскага раёну Менску пастанавіў, што Алесь Бяляцкі мусіць выплаціць яшчэ Br 140 млн, задаволіўшы такім чынам грамадзянскую позву падатковай інспекцыі. Паседжанне суда адбылося 29 сакавіка ў адсутнасць Бяляцкага. Гаворка ідзе пра грашовыя сродкі, якія пералічваліся на замежныя рахункі Алеся Бяляцкага ды прызначаліся на аказанне падтрымання ахвярам палітычных рэпрэсіяў – выплату штрафаў, аплату адвакатаў. Суд палічыў гэтыя грошы асабістым прыбыткам Бяляцкага ды абавязаў яго сплаціць падатак. Пры гэтым суму «прыбытку» праіндэксавалі, з-за чаго яна падвоілася. На гэтую суму падаткавікі і суд налічылі пеню. Судовае рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу.

Валянцін Стэфановіч мяркуе, што сама індэксацыя сумы, якую суд палічыў нанесенаю стратаю, не законная. «Падатковы кодэкс не прадугледжвае ніякіх варыянтаў мадэрнізацыі сумы запазычанасці, акрамя як пеня. Сума запазычанасці і пеня – гэта можа быць, але сума запазычанасці, праіндэксаваная ў 2,5 разы, і пеня – гэта, я лічу, абсалютна незаконна і беспадстаўна», – падкрэслівае праваабаронца.

Цяпер Алесь Бяляцкі падаў дадатак да нагляднай скаргі на імя старшыні Менскага гарадскога суда, дзе таксама ставіцца пытанне пра гэтыя выплаты, паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» – асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры.

belsat.eu

Стужка навінаў