Салідарныя збяруцца на плошчы Свабоды


Традыцыйная акцыя ў Дзень беларускай салідарнасці пройдзе сёння ў незвычайным фармаце. Апазіцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва сустрэнуцца з выбарнікамі на сталічнай плошчы Свабоды. Пачнецца акцыя а 18-й гадзіне.

Прыйсці 16 снежня на плошчу Свабоды Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў заклікалі выбарнікаў яшчэ падчас альтэрнатыўнага ўсебеларускага сходу, які кандыдаты правялі на Чыгуначным вакзале ў Менску. Ініцыятыву таксама падтрымалі ў выбарчых штабах іншых кандыдатаў. На плошчу Свабоды прыйдзе сёння і кандыдат на прэзідэнцтва ад БХД Віталь Рымашэўскі. “Гэтая дата для мяне, як і для кожнага сумленнага беларуса, вельмі важная. Мы не павінны забываць злачынствы, што здзейсніла ўлада супраць сваіх апанентаў”, – падкрэслівае кандыдат.

Прэс-сакратарка Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская таксама адзначае, што, хаця акцыя і будзе прахадзіць у фармаце сустрэчы з выбарнікамі, галоўная яе мэта – аб’яднаць тых людзей, хто не згодны заплюшчваць вочы на тое, што знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не расследаваныя.

Дзень салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітзняволенымі праходзіць у Беларусі з 2005 г. 16-а дня кожнага месяца. Дату выбралі невыпадкова: 16 верасня 1999 г. у Менску зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў