Арганізатары “МММ-2011” могуць атрымаць да 7 гадоў зняволення


Пяцёра арганізатараў “МММ-2011” у Беларусі могуць атрымаць да 7 гадоў пазбаўлення волі, пра што паведаміў старшыня Следчага камітэту Беларусі Валерый Вакульчык. “Цяпер у дадзенай справе праходзяць 5 падазраваных, ім выставілі абвінавачанні, яны знаходзяцца пад вартаю”, – заявіў Вакульчык.

Затрыманых вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, яны часткова прызнаюць сваю віну. Страты, нанесеныя дзейнасцю “МММ-2011”, ацэньваюцца на Br 800 млн.

КДБ правёў спецаперацыю, каб прыпыніць дзейнасць фінансавай піраміды “МММ-2011”. У дачыненні беларускага прадстаўніцтва распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 233 КК (“незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванаю групаю” – караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі ды з пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады ці займацца вызначанаю дзейнасцю або без пазбаўлення).

Праваабаронца Алег Волчак зазначае, што гучнае затрыманне і спыненне дзейнасці піраміды “МММ-2011” у Беларусі правялі, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад высокага ўзроўню злачынстваў.

“Людзі далучаліся да ўдзелу ў фінансавай пірамідзе без прымусу ці махінацыяў, яны ўсведамлялі, што рызыкуюць. Аніводзін удзельнік піраміды не падаў заявы ў міліцыю, таму відавочна, што затрыманне арганізатараў стала паказальнаю справаю. З аднаго боку, адцягваецца ўвага насельніцтва ад сапраўдных злачынстваў, узровень якіх не зніжаецца, а з іншага – дзяржаўныя структуры выконваюць план. Цяпер узнікае пытанне, наколькі аб’ектыўна вядзецца следства”, – адзначыў Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў