Федаровіч: у беларускіх спецслужбаў – «сіндром Канавалава»


“Справа гэтак званых віцебскіх тэрарыстаў не магла не адбіцца на актыўнасці спецслужбаў”, – гэтак эксперт у журналісцкіх расследаваннях Віктар Федаровіч тлумачыць хвалю паведамленняў пра выбухі ў Беларусі.

Пра выбух у гомельскай краме “Вёсны” не нагадвае абсалютна нічога. Паводле працаўнікоў крамы, выбух хутчэй быў падобны на разрыў петарды. Сама падзея здарылася 19 красавіка, а ўжо 21-га КДБ Гомельскай вобласці распачаў справу паводле артыкулу “пагроза тэрарызму”. Галоўная версія, якую адпрацоўвае следства ў справе гомельскага выбуху, – разборкі паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі.

“У гомельскім выпадку мяне ўразіла тое, што агучылі канкрэтную версію, звязаную з мігрантамі. Прычым радком прабегла, нехта паведаміў, што нібыта тыя людзі, якія нешта ўчынілі ў Гомлі, яны датычныя да таго, што адбылося ў Адэсе [спроба замаху на Уладзіміра Пуціна – belsat.eu]”.

Літаральна праз некалькі дзён пасля здарэння ў краме “Вёсны” КДБ ізноў выступіў у ролі ньюзмэйкера. Паводле сілавікоў, 25 красавіка ў Кобрыні ад выбуху гранаты загінулі бацька і сын. Адна з версіяў – тэрарыстычны след, які вядзе на Паўночны Каўказ. Менавіта адтуль за два дні да выбуху вярнуўся ў Кобрынь малады чалавек 1979 года нараджэння. Аднак пра выбух большасць жыхароў гораду даведалася ад здымачнай групы “Аб’ектыву”.

“Што датычыць Кобрыні, гісторыяў такіх у нас была маса, – заўважае Віктар Федаровіч. – Я кажу, прысутнічае “сіндром Канавалава”. Што б ні адбылося, усюды будуць бачыцца тэрарыстычныя пагрозы і цені тэрарыстаў”.

Паводле экспертаў, адна з мэтаў апошніх заяваў пра тэракты – падтрыманне адпаведнага градусу страху ў грамадстве. А таксама павелічэнне вагі ды фінансавання спецслужбаў, у тым ліку – КДБ. Аднак гэта Віктар Федаровіч называе “распыленнем сродкаў”. Ён узгадвае нядаўняе паведамленне пра затрыманне на беларускай мяжы чачэнскіх тэрарыстаў. Калі гэта сапраўды так, дык варта сканцэнтравацца на гэтым выпадку, які сапраўды можа сігналізаваць пра небяспеку, гаворыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў