У беларускай ВНУ навучаць кіраваць на прыкладзе Карэі


У адукацыйны працэс Акадэміі кіравання пры прэзідэнту ўлучаць кнігу “Карэя: праз нетры да зорак”. Прадмову да кнігі напісаў рэктар Анатоль Маразевіч. Паводле яго, у кнізе апісваюцца прыклады эфектыўнага карэйскага дзяржаўнага кіравання.

“Толькі дзякуючы інтэнсіўнай ды эфектыўнай працы карэйцы за паўстагоддзя ператварылі сваю краіну ў адну з самых высокаразвітых у свеце. Нам неабходна дабіцца такіх жа вынікаў”, – адзначыў Анатоль Маразевіч.

Кніга была выдадзена ў 2010 г. у Паўднёвай Карэі на англійскай мове, але Акадэмія кіравання і Карэйскі інстытут дзяржкіравання супольна пераклалі выданне на расейскую мову. Раздзелы кнігі прысвечаныя менталітэту карэйскага народу, выкарыстанню чалавечых рэсурсаў, бяспецы і дыпламатыі, сацыяльнай сферы, прамысловасці ды новым галінам.

Палітолаг Андрэй Фёдараў ацэньвае ініцыятыву ўладаў станоўча, але, паводле яго, беларускай эканоміцы спатрэбіцца некалькі дзесяцігоддзяў, каб перарабіць эканоміку адпаведна “карэйскаму цуду”.

“Карэйцы, дзякуючы таннай адукаванай працоўнай сіле і запазычанню сучасных тэхналогіяў у свой час здолелі стаць зборачным цэхам. Але ў іх была куды большая доля прыватнай уласнасці, бо менавіта яна спрыяе эканамічнаму развіццю. Тэарэтычна беларуская эканоміка можа паўтарыць “карэйскі цуд”, але ці здолеюць беларускія чыноўнікі вынесці хоць нешта карыснае з досведу карэйцаў?” – разважае палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў