Датэрміновае галасаванне як “індульгенцыя” для студэнтаў


На выбарчых участках шыхтуюцца чэргі. Паводле назіральнікаў ад Беларускага Хельсінкскага камітэту, найбольшую “ініцыятыўнасць” праяўляюць студэнты.

Напярэдадні выбараў кіраўніцтва ВНУ актыўна заклікае студэнтаў галасаваць датэрмінова. Нярэдка гэтыя заклікі маюць ультыматыўную форму. Гэтак, паводле студэнтаў, намеснік дэкана ў навуковай і выхаваўчай працы факультэту філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэту Аляксандр Бобр запатрабаваў ад старастаў групаў забяспечыць 70-адсоткавую яўку на датэрміновых выбарах.

Студэнтка Марыя К. паведаміла: “Асабліва ціснуць на студэнтаў, якія маюць запазычанасці па заліках, якія правініліся ў інтэрнаце. Папросту кажуць – прагаласуеш датэрмінова, забудземся на ўсе грахі. На мінулым тыдні я падавала заяву на імя дэкана, каб мне дазволілі прапусціць заняткі ў гэты панядзелак. Намеснік дэкана сказаў: “Прагаласуеш датэрмінова, тады падпішу!”

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што прычынаю для датэрміновага галасавання можа быць адсутнасць выбарніка на месцы жыхарства 19 снежня. “Зафіксаваць прымус складана, бо ідэолагі кажуць: мы не прымушаем, мы раім, рэкамендуем… Выйсце – рабіць запісы такіх размоваў, перадаваць іх праваабаронцам. І, натуральна, адмаўляцца ад такіх “парадаў”, – лічыць эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэту Дзмітрый Чарных.

belsat.eu

Стужка навінаў