Прэзідэнт Туркменістану прыбыў у Беларусь


Як паведаміла прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка і ягоны туркменскі калега Гурбангулы Бердымухамедаў правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным фарматах. У выніку плануецца падпісаць шэраг двухбаковых дакументаў.

Нагадаем, Лукашэнка наведваў Туркменістан тройчы: у траўні 2002 г., чэрвені 2009 г. і красавіку 2011 г. Гурбангулы Бердымухамедаў наведаў Беларусь у студзені 2010 г.

Як заявіў Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць 26 красавіка, для Беларусі вельмі важны цяперашні візіт прэзідэнта Туркменістану: «Магчыма, мы выйдзем на нейкія новыя тэмы. Але дай Бог рэалізаваць тое, пра што мы раней дамаўляліся».

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што Туркменістан – важны і перспектыўны партнёр для Беларусі. У Туркменістану, паводле Лукашэнкі, ёсць велізарныя сродкі, але няма тых тэхналогіяў, якія ёсць, напрыклад, у Беларусі, Украіне або Расеі.

«Мы пачалі будаваць у іх калійны камбінат, і яны вельмі задаволеныя з нашай працы. Мы прапанавалі будаваць аўтадарогі, жытло, пастаўляць туды тэхніку», – паведаміў Лукашэнка. Ён таксама нагадаў, што ёсць дамоўленасць з прэзідэнтам Туркменістану пра сустрэчы адзін раз на год–паўтара, каб кантраляваць, як рэалізуюцца дамоўленасці.

belsat.eu

Стужка навінаў