Кітай: 500 сабакаў уратавалі па дарозе на бойню


Паліцыя і аматары жывёлы ўратавалі каля 500 сабакаў. Іх перавозілі ў клетках у цяжкавіку на бойню на паўднёвым захадзе Кітаю. Пасля бойні сабакаў, на думку абаронцаў жывёлы, хутчэй за ўсё прадалі б на чорным рынку, і ў выніку яны трапілі б на талеркі кітайцаў.

Акцыя ратавання распачалася з паведамленняў у сацыяльных сетках – актывісты заклікалі змабілізаваць сілы, каб спыніць цяжкавік з сабакамі, які ехаў па аўтамагістралі, што злучае буйныя гарады ў паўднёва-заходняй частцы краіны. Добраахвотнікі і паліцыя перахапілі цяжкавік на тэрмінале аплаты.

У 156 вузкіх клетках былі агулам 505 сабакаў. Кіроўцу і машыну затрымалі да высвятлення абставінаў.

«Я папрасіў кіроўцу паказаць неабходныя дакументы – супрацьэпідэмічныя сертыфікаты, сертыфікат на транспартаванне і гандаль сабакамі, але іх не было», – гаворыць афіцэр паліцыі Сюй.

Больш за 200 добраахвотнікаў дзяжурылі ўначы у пастарунку, ратуючы сабак. Людзі прыносілі ежу і ваду. Каля 20 жывёлінаў былі ўжо мёртвыя, шмат у каго выяўленыя траўмы і хваробы.

У выніку расследавання высветлілася, што на продаж і транспартаванне сабак ёсць патрэбныя дакументы. На дапамогу прыйшоў кітайскі бізнесовец, які пажадаў застацца невядомым. За 60 тыс. юаняў (каля $ 9 500) ён выкупіў сабак, а добраахвотнікі сабралі яшчэ каля $ 8 000, неабходных для аплаты харчавання і паслугаў прытулку для жывёлы да таго часу, калі сабакаў забяруць новыя гаспадары.

belsat.eu

Стужка навінаў