Ці дасць Беларусь тлумачэнні наконт АЭС?


Беларусь мае ў пісьмовай форме адказаць на пытанні, звязаныя з невыкананнем абавязкаў перад Літвою наконт планаванага будаўніцтва АЭС. Як паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Літвы, гэта прадугледжвае справаздача Камітэту ў справе ажыццяўлення Канвенцыі ААН пра ацэнку ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце (Канвенцыя Эспа).

Дакумент стаўся вынікам сакавіцкага паседжання ў Жэневе, дзе абмяркоўвалася скарга Літвы адносна будаўніцтва АЭС. Галоўная прэтэнзія да Беларусі – выбраная пляцоўка для АЭС размяшчаецца заблізка да Вільні.

Камітэт у справе выканання Канвенцыі Эспа ў верасні падвядзе папярэднія вынікі і дасць рэкамендацыі наконт магчымага парушэння Беларуссю міжнароднага права. Літва сцвярджае, што дзеянні беларускага боку супярэчаць канвенцыі: Менск да гэтага часу не падаў адказаў на пытанні пра будаўніцтва электрастанцыі, не было публічнай дыскусіі ды двухбаковых кансультацыяў, але праект працягвае развівацца.

Адзначаецца, што Беларусь пачала рыхтаваць пляцоўку для АЭС у Астраўцы яшчэ ў студзені 2009 г., а Літву запрасілі ўзяць удзел у ацэнцы ўплыву на наваколле толькі ў жніўні 2009 г. У той час як Канвенцыя Эспа прадугледжвае, што будаўніцтва можа пачацца толькі пасля ўсіх працэдураў ацэнкі ўплыву на асяроддзе і правядзення грамадскіх слуханняў.

Экалагічная актывістка, адказная сакратарка грамадскай экспертызы для ацэнкі ўплыву АЭС Таццяна Новікава лічыць падыход уладаў Беларусі да выканання Канвенцыі Эспа фармальным. Паводле яе, калі ў верасні Камітэт сцвердзіць, што Беларусь сапраўды парушае міжнароднае заканадаўства, то краіна мусіць замарозіць будаўніцтва.

«Механізмы ўздзеяння Канвенцыі Эспа даволі жорсткія. Відавочна, што ўлады фармальна падыходзяць да выканання міжнародных абавязкаў, не кансультуюцца з краінамі-суседкамі наконт праекту, і гэта павінна паўплываць на рашэнне Камітэту. Міжнародны ціск ужо прымусіў Украіну адмовіцца ад будаўніцтва трансмежнага каналу, таму спадзяюся, што беларускую АЭС чакае такі ж лёс», – заўважае абаронца экалогіі.

Прафесар Георг Лепін, арганізатар руху «Навукоўцы за бяз’ядравую Беларусь», прытрымліваецца больш скептычнага пункту гледжання. «Беларусь бярэ на сябе міжнародныя абавязкі, але не спяшаецца іх выконваць. Чакаць, што грамадскасць зможа аказаць уплыў на будаўніцтва было б легкадумствам, бо ўлады Беларусі не прыслухоўваюцца да грамадскага меркавання. Спыніць будоўлю можа толькі Літва, якой трэба заняць катэгарычную пазіцыю наконт пляцоўкі для АЭС, бо выбраная ў выпадку аварыі пагражае існаванню краіны. Выбар новай пляцоўкі для будаўніцтва зойме гады, і АЭС можа страціць сваю актуальнасць. Пакуль жа літоўцы паводзяцца вельмі мякка», – зазначыў Георг Лепін.

belsat.eu

Стужка навінаў