Эканаміст: Што меў на ўвазе расейскі міністр – невядома


Расейскі міністр фінансаў Антон Сілуанаў абвінавачвае Беларусь у невыкананні шэрагу ўмоваў крэдыту ЕўрАзЭС.

Пра гэта ён заявіў падчас выступу ў Нью-Ёрку на паседжанні «Рады міжнародных адносінаў» («Council on Foreign Relations», CFR) – амерыканскай незалежнай арганізацыі ў сферы міжнародных сувязяў.

Паводле міністра, калі эксперты «разглядалі праграму выканання Беларуссю пераліку захадаў, якія ёсць падставамі для атрымання чарговай траншы, у мяне з’явілася некалькі пытанняў і я прапанаваў удакладніць праграму». «У першую чаргу размова ідзе пра аб’ём крэдыту з боку Цэнтральнага банку эканоміцы», – заявіў Антон Сілуанаў.

Фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха здзіўлены заяваю расейскага чыноўніка: «Аналізуючы апошнюю статыстыку, можна цалкам сцвярджаць, што Беларусь выконвае ўсе ўзятыя абавязкі па крэдыце Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС».

Паводле эксперта, Нацбанк працягвае праводзіць жорсткую манетарную палітыку, назіраецца стабілізацыя на валютных і спажывецкіх рынках. «За сакавік урад павялічыў рублёвыя сродкі на рахунках на 13,3 %, – адзначае Аляксандр Муха. – Нават павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 траўня на 5 % не супярэчыць умовам атрымання крэдыту. Бо патрабавалася, каб доля выдаткаў на заработную плату бюджэтнікаў заставалася на ўзроўні 2011 года, што, улічваючы павелічэнне іншых выдаткаў, будзе цалкам выконвацца. Да таго ж дасягнутае дадатнае сальда і павялічваюцца золатавалютныя рэзервы. Паступовы рост заработнай платы не прывядзе да паўтарэння эканамічнай сітуацыі 2011 года».

belsat.eu

Стужка навінаў