Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка разгублены


Сёння з нагоды агульнарэспубліканскага суботніка Аляксандр Лукашэнка распавёў дзяржаўным медыям шмат пра якія аспекты вонкавай і ўнутранай палітыкі.

Беларусы даведаліся, што ў кіраўніка краіны ёсць авечая ферма, а заробкі беларусаў хутка будуць на ўзроўні суседніх краінаў. Палітвязняў жа папярэдзілі пра магчымасць вяртання за краты. Разам з гэтым Лукашэнка нагадаў пра сваю “ненахіляльнасць” і прызнаўся, што “не мае нічога да страты”.

Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, падобныя заявы сведчаць пра разгубленасць кіраўніка краіны. Заявы, зробленыя на суботніку, меліся замяніць адкладзенае пасланне да народу.

“Перанос паслання негатыўна паўплываў на імідж. Бачна, што насамрэч афіцыйны кіраўнік не ведае, як паводзіцца. Таму ў сувязі з гэтым варта было выказацца і падкрэсліць, што ён мае адказы на ўсе пытанні. Гэта прагучала яшчэ і ў кантэксце магчымых сацыяльных пратэстаў. Гэткія заявы гучаць звычайна тады, калі нейкая праблема насамрэч хвалюе афіцыйнага лідара. Бо пралетарыят страшнейшы за традыцыйную апазіцыю для ўлады”, – зазначыў спадар Класкоўскі.

Лукашэнка падкрэсліў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі адбылося не пад ціскам захаду, а з добрай волі кіраўніка краіны. Паводле ягонага меркавання, амбасадары краінаў Еўразвязу вяртаюцца ў Беларусь толькі дзеля таго, каб захаваць твар. Адмысловец мяркуе, што гэта не зусім так. “Трэба разумець, што амбасадары не ёсць палітыкамі. Яны ў нейкай ступені аказаліся закладнікамі сітуацыі. Еўропа ж не хацела адклікаць іх. Гэта быў вельмі змушаны крок, дыпламатычна вайна – гэта нонсэнс для Еўропы ХХІ стагоддзя. Таму вяртанне не трэба абстаўляць нейкаю помпаю. Улады Беларусі намагаюцца звесці ўсё да цыркуляцыі амбасадараў толькі, каб схаваць галоўныя праблемы: вызваленне палітвязняў і нармальныя выбары”, – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў