Апытанне: Чарнобыль дагэтуль актуальны?


У Беларусі, якая наймацней пацярпела ў выніку чарнобыльскай аварыі, рыхтуецца пляцоўка для новай АЭС, а кіраўнік краіны ўжо хоча будаваць і другую. У забруджаныя зоны размяркоўваюць маладых адмыслоўцаў, а акцыі дэмакратычных сілаў на ўгодкі трагедыі збіраюць усё менш удзельнікаў.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: ці дагэтуль актуальная праблема чарнобыльскай катастрофы? Чаму “Чарнобыльскі шлях” збірае не так шмат людзей, як у 1990-я?

“Яна назаўсёды застанецца актуальная для Беларусі, бо тыя землі, што забруджаныя радыенуклідамі, яшчэ не хутка ачысцяцца. Я супраць таго, што там засяляюць тэрыторыі ды аруць палі. Зямлі ў Беларусі хапае. Не разумею гэтага. Не выходзяць, бо баяцца. Кожны сядзіць у сваёй шкарлупіне – аб’яднацца, напэўна, вельмі цяжка, нават з нагоды агульнай бяды. Кожны сам за сябе, як у джунглях”, – кажа мужчына.

“Я не думаю, што гэта актуальнае пытанне. Мы ўжо змірыліся – шмат часу мінула, забыліся ўжо ўсе на гэта”, – адказвае студэнтка.

“Канечне, актуальная – і да нас даходзіць нейкае водгулле трагедыі. Хіба самасвядомасць людзей не настолькі высокая, каб падтрымліваць падобныя акцыі”, – мяркуе дзяўчына.

“Яна будзе актуальная яшчэ шмат пакаленняў. Але ў людзей ужо ў галовах іншыя думкі, яны не думаюць пра тое, што было калісьці. Людзі працуюць, думаюць пра сённяшні дзень – усё роўна прыйдзецца жыць так, як ёсць”, – дзеліцца чарговая рэспандэнтка.

“Мне падаецца, што праблема застаецца і датычыць хіба кожнага. На гэтыя акцыі трэба хадзіць, каб памятаць аб праблеме”, – упэўненая студэнтка.

belsat.eu

Стужка навінаў