Эксперт: Сёння беларускія еўрааблігацыі зацікавяць толькі спекулянтаў


Новы выпуск еўрааблігацыяў плануюць распачаць сёлета ці на пачатку 2013 г. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын.

Паводле Амарына, Беларусь чакае спрыяльных умоваў, каб пачаць выпуск і наладзіць яго ў кароткі тэрмін. «Калі будзе неабходна, то мы зможам размясціць аблігацыі вельмі хутка, бо раней ужо адбыліся два размяшчэнні, намі гэты інструмент засвоены», – падкрэсліў Уладзімір Амарын.

Аналітык даследчай групы «BusinessForecast.by» Аляксандр Муха лічыць рашэнне міністэрства паспешлівым: «Выпуск еўрааблігацыяў у сённяшняй эканамічнай сітуацыі не пажаданы. Кола патэнцыйных інвестараў выглядае вельмі вузкім, беларускія еўрабонды могуць зацікавіць толькі спекулятыўных інвестараў».

Паводле эксперта, цяпер беларускія аблігацыі ўяўляюць з сябе дарагія грошы з адсоткаваю стаўкаю 11,2 %, а эфект ад іх выпуску можа быць дасягнуты толькі пры стаўцы, меншай за 8 %. Беларусі трэба знізіць палітычныя і эканамічныя рызыкі, што дазволіць у будучыні выпусціць эфектыўныя аблігацыі. «Пагарашэнне адносінаў з Еўразвязам негатыўным чынам адбіваецца на прывабнасці аблігацыяў. Еўрапейскія эксперты ацэньваюць іх як самыя ненадзейныя сярод развіваных краінаў», – адзначае Аляксандр Муха.

Ён звяртае ўвагу на тое, што Беларусі цяпер могуць дапамагчы толькі наўпроставыя інвестыцыі, крэдыты ЕўрАзЭС і МВФ: «Іх грошы, дзякуючы нізкай адсоткавай стаўцы і працягламу часу зваротных выплатаў, «камфортныя» для беларускай эканомікі».

Вонкавая запазычанасць Беларусі складае 34 млрд долараў. «Лічба набліжаецца да «столі» магчымых знешніх пазыкаў, якія можа «пацягнуць» наша эканоміка. Неабходныя выплаты па крэдытах ды іх абслугоўванні негатыўна адаб’юцца на росце ВУП і заробках. Стварыць «падушку бяспекі» для моманту, калі прыйдзецца сплочваць асноўную частку пазыкі, дапаможа толькі прыватызацыя», – сцвярджае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў