Пашпарт будуць даваць з 14 гадоў


А замежнікі ў Беларусі змогуць набываць зброю – Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які датычыць адміністрацыйных працэдураў.

Указ № 197 мае «максімальна аблегчыць развязанне грамадзянамі паўсядзённых пытанняў». Ён набывае моц праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

Узрост атрымання пашпарту зніжаюць да 14 гадоў, каб няпоўнагадовыя маглі ажыццяўляць некаторыя юрыдычныя працэдуры: напрыклад, пакласці грошы ў банк і распараджацца імі.

Замежнікі, якія часова жывуць у Беларусі, і беларусы, якія стала жывуць за межамі краіны, змогуць атрымаць пасведчанне кіроўцы і памяняць яго, а таксама зарэгістраваць у Беларусі транспартныя сродкі.

Замежнікі, якія стала жывуць на тэрыторыі Беларусі і вырашылі займацца паляваннем, атрымаюць права набываць і захоўваць на тэрыторыі краіны грамадзянскую зброю і боепрыпасы, а тыя, што часова жывуць у Беларусі, – права набываць такую ж зброю на яе тэрыторыі, увозіць і вывозіць яе.

За дадатковыя грошы можна будзе хутчэй зарэгістраваць нерухомасць.

Скасоўваюцца некаторыя адміністрацыйныя працэдуры (напрыклад, выдаванне дазволу на набыццё радыёэлектронных сродкаў, пасведчання аб рэгістрацыі заалагічнай калекцыі) і ўводзяцца новыя (напрыклад, выдаванне даведак, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі садовага доміку або гаражу, атрыманых у спадчыну, пасведчання эксперта ў паляўнічых трафеях).

За некаторыя працэдуры не трэба будзе плаціць (напрыклад, за афармленне сталага побыту за межамі Беларусі грамадзяніну Беларусі, які не дасягнуў 14-гадовага ўзросту) або каштаваць яны будуць меней (напрыклад, апастыль, выдаванне паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану).

belsat.eu

Стужка навінаў