Канстанцін Каламіец: Новая жыллёвая канцэпцыя не дадае аптымізму


Праект новай жыллёвай дзяржаўнай палітыкі на 2012–2015 гг. стаў даступны для грамадскага абмеркавання. Дакумент меў адказаць на пытанні, што будзе з ільготамі, чаргою, іпатэкаю, арэндным жытлом, сістэмаю будаўнічых ашчаджэнняў.

Аўтары канцэпцыі сцвярджаюць, што даступнае жытло было і застаецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржавы. Але пасля прыняцця ўказу № 13 ад 6 студзеня 2012 г., які скараціў колькасць ільготнікаў, пададзеная канцэпцыя, на думку віцэ-старшыні Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Канстанціна Каламійца, не здольная адкрыць новых магчымасцяў.

“Новая жыллёвая канцэпцыя не дадае аптымізму тым, хто хацеў бы пабудаваць жытло, яна пераважна мае прапагандысцкі характар. У ёй не прапісаны ніводны механізм, які б дазволіў зрабіць жытло больш даступным ужо сёлета”, – адзначае эксперт.

На думку Канстанціна Каламійца, жытло можа зрабіцца даступным толькі пры наяўнасці крэдытных рэсурсаў і зладжаных механізмаў фінансавання будаўніцтва.

“Распрацоўнікі праекту з незразумелых прычынаў не звярнулі ўвагі на тое, што ў якасці крыніцы фінансавання можа выступаць рынак каштоўных папераў, таксама неабходна развіваць таварнае крэдытаванне. Улічваючы камандныя метады, які ўжываюцца ў беларускай эканоміцы, на маю думку, варта было б спускаць Мінфіну планы фінансавання жыллёвага будаўніцтва з выкарыстаннем рынку каштоўных папераў. Цяпер рынак нерухомасці адчувае патрэбу ў канкрэтных кроках. Напрыклад, паводле ацэнак рыэлтараў, на 90 % зямельных участкаў, выдзеленых на індывідуальнае будаўніцтва, з прычыны высокага кошту крэдытных рэсурсаў і сітуацыі на фінансавым рынку аб’екты закансерваваныя. Указ № 520, які пачаў дзеяць 1 сакавіка, цалкам адбівае ў беларусаў жаданне будавацца ва ўмовах фінансавай нестабільнасці на фінансавым рынку”, – адзначае эксперт.

Аўтары канцэпцыі заяўляюць пра развіццё іпатэчнага крэдытавання, але Канстанцін Каламіец падкрэслівае яго недасягальнасць у беларускіх умовах.

“Беларусбанк” выдае іпатэчныя крэдыты пад 44 % гадавых, у той час як у ЗША – 6 %, у Чэхіі – 4 %. Падлічана, што іпатэка становіцца недаступная ўжо пры 18 % гадавых, бо кошт аб’екту іпатэкі ўзрастае шматразова. Іпатэчныя крэдыты мусяць выдавацца на тэрмін ад 15 да 40 гадоў, а ў Беларусі не было яшчэ ніводнага спакойнага дзесяцігоддзя, якое б дазволіла людзям спраўна сплачваць іпатэку”, – гаворыць эксперт.

Канцэпцыя таксама абяцае наблізіць кошт квадратнага метра да сярэднемесячнага заробку беларуса і стварыць празрысты рынак арэнднага жылля. Але пакуль дзяржаўная жыллёвая палітыка скіраваная на стварэнне класу бедных уласнікаў, якія не здольныя не толькі вяртаць рыначны кошт крэдытаў, але і аплачваць стоадсоткавы кошт камунальных паслугаў у новых дамах.

belsat.eu

Стужка навінаў