8 цікавых беларускіх кніг для летняга чытання


Як не толькі прыемна, але і карысна правесці летнія месяцы? Вядомыя беларусы адмыслова для чытачоў belsat.eu дзеляцца – якія актуальныя і сучасныя беларускія кнігі варта ўзяць з сабой у адпачынак.

Як зразумець жанчыну: «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча распавядзе, як сябраваць з дзяўчынкамі

Крыніца: сайт кніжнай крамы «Логвінаў»

Гэтая кніга пісьменніка Бахарэвіча дапаможа хлопчыку-падлетку пазбегнуць абвінавачванняў у харасменце. Прынамсі так лічыць палітолаг і філолаг Аляксандр Фядута, які раіць «Белую муху» падлеткам для лепшага паразумення з супрацьлеглым полам.

«Летняй ноччу, калі спякотна і спаць усё роўна не хочацца, кожны паважаючы сабе юнак павінен прачытаць гэтую кнігу. Дрыжыкі гарантаваныя. Разам з тым хлопчыку будзе зразумела, як паводзіць сябе з маладымі прывабнымі асобамі жаночага гендару», – распавядае Фядута.

«Белая муха, забойца мужчын» – раман, азначаны фемінісцкім. У ім распавядаецца гісторыя дзеўчын – вар’ятак, мастачак ці тэрарыстак – якія «скалацілі» жаночую банду і захапілі замак у сучаснай Беларусі. Тлумачэнне асаблівасцяў і спосабу мыслення сучасных тутэйшых feminae – ні больш, ні менш на гэта прэтэндуе твор.

«Дзень святога Патрыка» Ганны Севярынец дапаможа перайсці на беларускую мову

Аляксандр Фядута раздае парады не толькі падлеткам, але і дарослым. У спіс адмыслоўца трапіла кніга настаўніцы Ганны Севярынец «Дзень святога Патрыка». На меркаванне Фядуты, чытач назаўсёды пяройдзе на беларускую мову, калі паглыбіцца ў гісторыю беларускай літаратуры і пранікнецца педагагічным матывам аўтара.

«Дзень святога Патрыка» у адным з артыкулаў згадаў і пісьменнік Валеры Гапееў, які чытаў кнігу Севярынец пасля аперацыі – і твор супакойваў фізічны боль. На меркаванне Гапеева, выключнасць працы яшчэ і ў тым, што яшчэ ніколі ў мастацкім жанры так цікава не распавядалася пра беларускую літаратуру і яе асобаў.

«Миг бесконечности» Наталлі Батраковай здымае душэўны боль

Пісьменніца і тэлевядучая Тамара Лісіцкая прызнаецца, што сучасную беларускую літаратуру амаль не чытае. Апроч тых аўтараў, каго, сумесна з Лісіцкай, публікуе выдавецтва «Рэгістр». Сярод іх асаблівую ўвагу прыцягнула кніга Наталлі Батраковай «Миг бесконечности».

«Гэта гісторыя кахання двух дарослых людзей з бэкграундам. У кожнага – сем’і, досвед, расчараванні – увогуле, усё як у жыцці», – з усмешкай распавядае Лісіцкая.

У гэтым, падаецца, і ёсць найбольшая карысць кнігі – чытач не адчувае сябе самотным у сваіх любоўных драмах, шукаючы адказ на пытанне «Няўжо я не такі як усе?».Чаму варта чытаць гэты жаночы раман? Лісіцкая раіць гэтую кнігу ўсім, каму патрэбны суразмоўца, сябар, той, хто зараз перажывае драму кахання. Лісіцкая дадае, што кніга Батраковай мае псіхатэрапеўтычны эфект: супакойвае і здымае сардэчны боль.

Кранальная дзіцячая серыя «Большая маленькая девочка» Марыі Бершадскай

Фота kompasgid.ru

Есць і ў Лісіцкай парады для дзяцей. «Большая маленькая девочка» – серыя кніг пра дзяўчынку Жэню, малодшую ў сям’і. Гэта вельмі кранальная казка, дзе ўздымаецца іншае важнае пытанне – «Няўжо я такі як усе?», і распавядаецца пра адчуванне дзіцём гэтай драмы ў сабе.

Жэня разумее, што расце, і што варта «расці» яшчэ і «ўнутрана». Лісіцкая распавядае, што яе дачка кнігі пра Жэню вельмі любіла. Тэлевядучая раіць серыю «разумненькім дзеткам 5-10 гадоў, якія любяць задаваць пытанні».

«Палын-палын» Зянона Пазняка: «беларускі раман з часоў савецкай акупацыі»

Дзмітры Гурневіч, журналіст «Радыё Свабода», раіць да чытання кнігу «Палын-палын» палітыка Зянон Пазняка.

«Аўтар называе кнігу «беларускім раманам з часоў савецкай акупацыі», – кажа Гурневіч. І я чакаў там нечага супер сур’ёзнага – пра пакуты і слёзы. Але пасля першай жа траціны кнігі жывот балеў ад рогату».

Аднак, дадае Гурневіч, потым гісторыя ўсё ж становіцца вельмі сур’ёзнай, распавядае пра годнасць, любоў, прынцыпы, здраду і мярзоцце беларускага народу.

Цікавай асаблівасцю кнігі есць мікраклімат, створаны лаянкай, нібыта наўпрост узятай з допісаў блогера Стася Карпава ў «Фэйсбуку». І журналіст Гурневіч рэзюмуе, што з некаторых эпізодаў кнігі можна зрабіць скетчы для «беларускага Монці Пайтана».

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі

На думку журналіста Гурневіча, кніга «Нечаканы Скарына» напісана найлепшым сучасным беларускім эсэістам Сяргеем Абламейка. Чаму Скарына абраў Прагу? Ці добрым лекарам ён быў? Чаму яго навучыла Венецыя? Дзе ён натхніўся на выданне кніг? Ці ўсю «Біблію» ён пераклаў? Ці сапраўды Скарына хацеў атруціць Марціна Лютэра?

Праз адказы на такія пытанні кніга, лічыць Гурневіч, малюе партрэт Скарыны, якога мы не ведаем. Аднак гэта – ня проста зборнік займальных фактаў. Аўтар Абламейка іх інтэрпрэтуе, аналізуе і будуе свае версіі.

Гурневіч дадае, што «Сучасны Скарына» – для ўсіх. І для школьніка, і для працаўніка «Жабінскага торфабрыкету», і для пенсіянеркі на лецішчы. Усё таму, што кніга напісаная стылёвай мовай, кароткімі эсэ з трапнымі сказамі. Не бракуе ў творы і інтрыгі.

Актуальна ды інтэлектуальна: «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы

Фота svaboda.org

Вядомы беларускі рэкламіст Юлія Ляшкевіч, якая робіць ролікі для тэлебачання, сучасны белліт амаль не чытае. Замест мастацкай літаратуры Юлія абірае навуковы нон-фікшн, якога ў Беларусі няма.

Аднак нават яна знайшла для сябе цікавае і айчыннае – кнігі пра Беларускую народную рэспубліку ад перакладчыка і публіцыста «Радыё Свабода» Сяргея Шупы. Адна з іх – «Падарожжа ў БНР» – выйшла ў друк у дні сакавіцкага стагоддзя БНР. Гэты архіўны раман, дзеля якога, паводле Шупы, ён «амаль сваім жыццём праіснаваў у часінах БНР», на думку рэкламіста Ляшкевіч – вельмі лёгкая для чытання кніга. Сабраныя ў ёй цікавыя факты трапна малююць гады БНР.

«Падарожжа» – узор таго, як папулярна і займальна распавесці пра не самыя адназначныя падзеі ў гісторыі. Гэты твор – як набор сінопсісаў для кніг, фільмаў ці коміксаў – сюжэт на сюжэце сядзіць ды сюжэтам паганяе!», – кажа Ляшкевіч.

І даследчык Шупа вызывае давер, бо другая ягоная кніга пра БНР, якую згадвае Ляшкевіч, – гэта фундаментальны двухтомнік «Архівы Беларускай народнай рэспублікі», выдадзены дваццаць год таму. Дакументы з Дзяржархіву Літвы, сабраныя ў кнізе, былі вядомыя гісторыкам. Надзвычайная трохкілаграмовая публікацыя зрабіла тыя дакументы дасяжнымі для ўсіх. Цяпер разам з «Падарожжам» чытач можа зразумець, чым на самой справе была Беларуская народная рэспубліка.

Раіць «Падарожжа» і наш папярэдні суразмоўца, журналіст Гурневіч. Ён кажа, што гэта кніжка – падарожжа ў тую краіну, якой нібыта і не было, але якая пабудавала Беларусь.

«У кнізе процьма раней не апублікаваных цікавых дэталяў. У гісторыях, вясёлых і трагічных, Шупа «ачалавечвае» айцоў-заснавальнікаў БНР і паказвае, што абвяшчэнне Рэспублікі было найвялікшым цудам беларускай гісторыі мінулага стагоддзя», – распавядае Гурневіч.

Ён таксама дадае, што гэтая кніжка вельмі падыходзіць для летняга чытанне, бо гэта – «БНР для чайнікаў». Твор, ад якога немагчыма адарвацца, напісаны простай да зразумення мовай.

Сучасны раман-эпапея: «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча

У Арамаіса Міракяна, маладога журналіста і актора Беларускага свабоднага тэатру, таксама есць цікавая парада. Маладзён вельмі раіць кнігу Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Арамаіс, які нічога не прапускае ў сучасным белліце, кажа, што падобнага раману ў беларускай літаратуры яшчэ не было – яго ўражвае колькасць і разнастайнасць прастораў, у якіх адбываецца дзеянне кнігі.

Паказальна, што «Сабакаў» параіла нам і паэтэса Сабіна Брыло. Яна кажа, што не прачытала ўсяго ў беларускай літаратуры, каб даваць экспертную адзнаку, але «Сабакі» Бахарэвіча – гэта вялікая кніга непакою. І хаця асобы і час у ёй падвяргаюцца распаду, людзі гэтыя ўсё роўна хочуць жыць.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў