8 сакавіка: як вярнуць святу страчаныя сэнсы і правесці яго без цюльпанчыкаў


Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаецца штогод 8 сакавіка ў шэрагу краін менавіта як «жаночы дзень». Гістарычна ж гэта дзень салідарнасці жанчын у розных краінах у барацьбе за роўныя правы і эмансіпацыю. Паступова свята страціла сваю фемінісцкую афарбоўку, стаўшы днём для мужчынскіх падарункаў і камплементаў. Актывісты вырашылі нагадаць пра гістарычнае значэнне гэтага свята.

2 – 13 сакавіка ў Менску пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных вясноваму святу гендарнай барацьбы. Падчас акцыі пройдуць канцэрты, выставы, лекцыі, прысвечаныя праблеме хатняга гвалту. Увесь прыбытак пойдзе арганізацыям, якія аказваюць дапамогу пацярпелым, у тым ліку на схованкі для жанчын «Радзіслава».

– Хутка ва ўсім свеце будзе адзначацца Міжнародны жаночы дзень. Нават цяпер, у 2019 годзе, гэтае свята асацыюецца з цукеркамі, сэрцайкамі і падставай падарыць жанчыне падарунак яшчэ адзін раз у годзе, акрамя як на дзень нараджэння. Але так было не заўсёды. У далёкім 1908-м жаночы дзень зусім ня быў такім мірным, як цяпер, а суправаджаўся мітынгамі і дэманстрацыямі, гэтае свята ўвасабляла павагу да жаночай працы і з’яўлялася сімвалам барацьбы за роўнасць полаў. За паўтары тыдні мы паспрабуем вярнуць святу страчаныя сэнсы і правесці яго сапраўды годна. І нават без цюльпанчыкаў, – гавораць арганізатары акцыі.

Гэтак, 8 сакавіка пройдзе канцэрт з удзелам гуртоў The Glitchhh, Weed & Dolphins, Pour Me. Інтэрактыў «Human Integrity» ад Human Constanta і дыскусія «Раскажы мне пра фемінізм» з «Яе Правы», майстар-клас па самаабароне для жанчын. Інфармацыю аб раскладзе і аб самім праекце можна знайсці на старонцы ў Facebook.

Акцыя «Не вінавата» як і свята «Жаночы дзень», стане міжнародным – падобныя імпрэзы пройдуць у Маскве, Санкт-Пецярбургу і г.д.

ЛП/Belsat.eu

Стужка навінаў