8-месячнае немаўля і 58 дарослых загінулі падчас антыізраільскай акцыі ў Сектары Газа


Акцыя пратэсту пачалася 14 траўня ў звязку з пераносам амерыканскай амбасады з Тэль-Авіва ў Іерусалім.

Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, у пратэстах бралі ўдзел каля 35 000 чалавек. Ізраільскія жаўнеры стралялі ў палестынцаў, якія спрабавалі парушыць дзяржаўную мяжу.

«Кожная дзяржава павінна абараняць свае межы. ХАМАС дэкларуе намер знішчыць Ізраіль і пасылае тысячы людзей, якія павінны прарваць мяжу, каб дасягнуць мэтаў, пастаўленых ХАМАСам. Мы працягнем цвёрда дзейнічаць, абараняючы свой суверэнітэт і сваіх грамадзянаў», – заявіў днём раней прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу.

Па стане на раніцу 15 траўня вядома пра 59 забітых. Паведамляецца, што сярод іх 7 няпоўнагадовых у тым ліку 8-месячнае немаўля (памерла ад слезацечнага газу, які ўжываўся для разгону пратэстоўцаў). Не менш за 2700 асобаў атрымалі раненні (1370 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненні), піша dw.com.

14 траўня 2018 г. Сектар Газа

Перанос амбасады ЗША ў Іерусалім адбыўся ў дзень 70-й гадавіны стварэння дзяржавы Ізраіль (14 траўня 1948 года). Такім чынам Злучаныя Штаты прызналі Іерусалім сталіцай Ізраіля. Рашэнне аб пераносе амбасады ў Іерусалім было прынятае ў 2017 годзе.

14 траўня 2018 г. Ізраільскія вайскоўцы і палестынскія пратэстоўцы ў Сектары Газа

Прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраілю было адным з абяцанняў Трампа падчас ягонай прэзідэнцкай кампаніі ў 2016 годзе.

Сектар Газа – тэрыторыя на беразе Міжземнага мора, якая з’яўляецца адной з двух тэрыторыяў часткова прызнанай арабскай дзяржавы Палестына (136 са 196 членаў ААН).

15 траўня палестынцы адзначаюць дзень «Накба», узгадваючы выгнанне арабаў (каля 725 000 чалавек) с месцаў іхнага пражывання падчас Араба-ізраільскай і Шасцідзённай вайны.

Ізраіль абвясціў Іерусалім сваёй сталіцай у 1950 годзе. Палестына таксама лічыць Іерусалім сваёй сталіцай.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў