"Справа іркуцкіх беларусаў – частка кампаніі ФСБ"


Арганізацыю ўкраінцаў расейцы ўжо знішчылі, гаворыць прадстаўнік беларускай дыяспары ў Маскве Мікола Касьянчык.

Днямі стала вядома, што 26-гадовага актывіста беларускай дыяспары ў расейскім Іркуцку абвінавацілі ў прапагандзе нацызму. Супраць Аляксея Кухты, актывіста моладзевага клубу «Крывічы», які працуе пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага, расейскія праваахоўнікі распачалі крымінальную справу. Паводле следства, маладзён займаўся экстрэмісцкаю дзейнасцю праз размяшчэнне фота- і відэаматэрыялаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

У ягонай кватэры нібыта знайшлі «нашыўкі з нацысцкаю сімволікай і літаратуру экстрэмісцкага зместу». Пасля гэтага праваахоўнікі прыйшлі з ператрусамі ў офіс Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і ў кватэру яго старшыні Алега Рудакова. У таварыстве канфіскавалі каляндарыкі з выявамі заснавальнікаў БНР і незалежніцкіх дзеячаў, у тым ліку Васіля Быкава, назваўшы іх «матэрыяламі экстрэмісцкага зместу, выявымі лідараў беларускіх нацыяналістаў, якія ваявалі на баку Нямеччыны супраць савецкіх войскаў».

Прадстаўнік беларускай дыяспары ў Маскве Мікола Касьянчык называе справу іркуцкіх беларусаў часткаю плану расейскіх спецслужбаў: «Мы бачым, што арыштоўваюць мусульманскіх лідараў, шмат арыштоўваюць нацыянальных лідараў не толькі на Каўказе, але і паволжскіх народнасцяў. Гэта кампанія, яе праводзіць расейскае ФСБ, і трэба чакаць, што гэтая кампанія будзе разгортвацца <…> Мы мусім быць гатовыя да ўсялякіх ператрусаў, арыштаў».

Мікола Касьянчык гаворыць, што апошнім часам увесь час ідуць размовы пра тое, што дзеюць нейкія нацыяналісты. Не абышлі ўвагаю і ўкраінскую нацыянальную меншасць. Расейскія ж улады заплюшчваюць вочы на тое, што ў краіне амаль непрыхавана дзеюць фашысцкія арганізацыі, якія збіваюць да паўсмерці выхадцаў з Каўказу і Сярэдняй Азіі.

belsat.eu

Стужка навінаў