Бяляцкі стаў афіцыйным кандыдатам на Нобелеўскую прэмію


Нобелеўскі камітэт прыняў кандыдатуру беларускага праваабаронцы на прэмію міру.Пра гэта Польскаму агенцтву друку паведаміў старшыня камісіі па замежных справах Сейма Польшчы Анджэй Галіцкі.

За вылучэнне беларуса падпісаліся больш за дзвесце польскіх дэпутатаў ды некалькі дзясяткаў парламентароў з 27 краінаў Старога кантыненту.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы ды Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе. Цяпер Алесь Бяляцкі утрымліваецца ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску.

“Я лічу, шанцы на тое, што Алесь Бяляцкі атрымае Нобэля, даволі вялікія, – гаварыў напрыканцы студзеня ў інтэрв’ю „Белсату” кіраўнік фонду “Свабода і дэмакратыя” (Польшча) Томаш Пісуля. – Мы збіралі подпісы ў Польшчы, маем некалькі соцень подпісаў польскіх парламентароў, дэпутатаў і сенатараў. Ёсць афіцыйны дакумент Рады Еўропы”.

Ён нагадаў, што такія ж акцыі былі зарганізаваныя ў Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Нарвегіі ды іншых краінах Еўропы. “Таму, думаю, гэтым разам шанцы вельмі вялікія. Тым больш сам Алесь Бяляцкі – годная асоба для такой узнагароды. Ён яе заслужыў – як і ўся грамадзянская супольнасць Беларусі”, – запэўніў Томаш Пісуля.

belsat.eu

Стужка навінаў