Лукашэнка перасцерагае прадпрыемствы перад "пятаю калонаю"


Кіраўнік краіны даручыў ураду часцей наведваць прадпрыемствы і сачыць за апалітычнасцю.

“Як я бачу, на некаторых прадпрыемствах “пятая калона” падбухторвае людзей, заве на вуліцы. Дзякаваць Богу, у нас людзі разумныя. Тым не менш, мы не мусім даваць нагоды і ператвараць прадпрыемствы ў аб’екты палітычнай барацьбы, як гэта адбываецца ў нашых суседзяў”, – адзначыў прэзідэнт.

Лідар незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч заўважае, што на шматлікіх прадпрыемствах цяпер пануюць рашучыя пратэставыя настроі. Рабочыя даведзеныя да адчаю нізкімі заробкамі, асабліва ў правінцыі.

“Чым далей ад Менску, тым сітуацыя пагаршаецца. Цякучасць кадраў катастрафічная, у першую чаргу сыходзіць моладзь. Калі рабочым не падвысяць заробкаў, то людзі ўсё адно будуць арганізоўваць страйкі. Яны не патрабуюць шмат, толькі добрых умоваў працы ды большых заробкаў. Раней прэзідэнт заяўляў, што заработная плата павялічыцца толькі пры ўмове паляпшэння паказнікаў вытворчасці, але тэхнічна гэта ажыццявіць складана, нават ужываючы больш сучасныя тэхналогіі. Спадзеваў на паляпшэнне стану рабочых няшмат”, – расказаў эксперт.

Перадухіліць пратэсты Лукашэнка спадзяецца дзякуючы больш пільнай увазе буйных чыноўнікаў да канкрэтных прадпрыемстваў. Ён загадаў ураду часцей наведваць працоўныя калектывы.

Генадзь Федыніч падкрэслівае, што візіты чыноўнікаў заўсёды носяць паказальны характар, а не развязваюць праблемаў на месцах. “Усе ведаюць, што да сустрэчы з чыноўнікамі адбіраюць спецыяльных людзей. Пытанні, якія задаюцца гасцям, ідэалагічна вывераныя. Калі ж чыноўнікі захацелі б пагутарыць са звычайнымі рабочымі, то наўрад ці б яны знайшліся, што адказаць на пытанні пра заробак 1 млн, на які вымушаныя існаваць людзі шмат на якіх прадпрыемствах”, – выказаў меркаванне эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў