Лукашэнка пагражае банкірам


«Ідзе націск на прадпрыемствы, буйныя прадпрыемствы, – прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. – Гэта недапушчальна. Калі ўжо я вазьмуся за гэтае пытанне, то, вы ведаеце, мала камусьці не пакажацца. Такая практыка тут недапушчальная, катэгарычна! Таму запрасіце наўпрост кіраўнікоў гэтых банкаў, усе яны беларускія грамадзяне, і папярэдзьце, што з іх пачнем».

Паводле Лукашэнкі, замежныя банкі, каб прыцягнуць сабе сродкі буйных прадпрыемстваў, «пачынаюць задобрываць, а часам і пагражаць: крэдыт не атрымаеце». «Або наадварот: мы вам крэдыт дадзім, ён таннейшы, чымся ў беларускіх банкаў, але ўсе вашыя разліковыя рахункі павінны быць у нашым банку. Гэта значыць, уся валюта павінна паступаць толькі ў замежныя банкі, і ні ў якім выпадку рахункаў прадпрыемстваў не павінна быць у беларускіх банках», – заявіў Лукашэнка, прымаючы 17 красавіка з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Мясніковіч зазначыў, што з мэтаю выканання раней дадзеных даручэнняў беларускія прадпрыемствы маюць права адкрываць рахункі за мяжою толькі з дазволу Нацыянальнага банку, і рух сродкаў па гэтых рахунках кантралюецца належным чынам. Падчас сустрэчы «была звернутая ўвага на тое, што некаторыя камерцыйныя банкі, асабліва з замежным капіталам, выкарыстоўваючы цяжкасці пэўных прадпрыемстваў, пачынаюць уцягваць іх у не зусім сумленныя ўгоды, прапаноўваючы пад заклад маёмасці, даючы адносна льготныя або больш ільготныя, чымся склаліся на фінансавым рынку, паслугі».

Урад «будзе працаваць дадаткова з адпаведнымі камерцыйнымі банкамі для таго, каб тут была празрыстая схема, каб гэта не было звязана з нейкімі цяжкасцямі, якія могуць разглядацца ў далейшым як нейкі рэйдарскі захоп або нешта накшталт аналагічнай праявы». «Будзем працаваць з гэтымі юрыдычнымі асобамі, канкрэтныя ўстаноўкі дадзеныя, тут дастаткова дзяржаўных рэгулятараў, якія змогуць забяспечыць абарону інтарэсаў краіны ў гэтым сектары», – заявіў Мясніковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў