Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні, «каб спыніць правакацыі»


Саннікаў заяўляе, што ў турме на яго ціснулі. “Мне здалося, што са мною маглі здарыцца досыць сур’ёзныя рэчы, аж да смерці”, – сказаў ён журналістам падчас прэс-канферэнцыі.

Палітык таксама заявіў, што напісаў прашэнне аб памілаванні, “каб спыніць правакацыі”. У той жа час Саннікаў не стаў апавядаць падрабязнасцяў, пры якіх ён напісаў хадайніцтва аб памілаванні. “Я напісаў хадайніцтва аб памілаванні. Напісаў, што прашу праявіць гуманізм. Я зрабіў гэта ўсвядомлена. Нічога больш каментаваць не хачу”, – сказаў ён.

Палітык таксама паведаміў, што пісаў прашэнне аб памілаванні двойчы, 20 лістапада і ў снежні, пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён слухаў па радыё. І толькі пасля другога прашэння пачаліся паслабленні, заявіў Саннікаў.

Андрэй Саннікаў быў вызвалены з калоніі “Віцьба-3” на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Пра гэта ён паведаміў журналістам увечары 14 красавіка ў Віцебску.

Саннікаў распавёў, што яго выклікалі ў адміністрацыю калоніі прыкладна а палове на шостую вечара і загадалі збіраць рэчы. Палітык не выключыў, што яго зноў будуць этапаваць, як гэта ўжо неаднаразова здаралася. Аднак Саннікаву абвесцілі, што ён вызвалены згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні. Яму вярнулі дакументы і вывезлі з асабістымі рэчамі з калоніі на чыгуначны вакзал, адкуль ён праз таксафон звязаўся з сям’ёю.

Палітык быў арыштаваны увечары 19 снежня 2010 г. пасля разгону мітынгу грамадзянаў, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў, і з таго часу заставаўся ў зняволенні. У траўні 2011 г. яго прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў