Замест парку, абяцанага Тозікам, будзе забаўляльны комплекс?


Мясцовыя жыхары занепакоеныя з планаў пашырэння забудовы каля парку 40-годдзя Кастрычніка ў Менску. Пра гэта заявіла ўдзельніца ініцыятыўнай групы для абароны парку Людміла Гайкоўская на прэс-канферэнцыі 16 красавіка.

Яна нагадала, што з восені 2011 г. грамадскасць актыўна выступала супраць высякання дрэваў у парку 40-годдзя Кастрычніка, дзе плануюць будаваць гатэль «Пекін». Нягледзячы на падтрыманне Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ніякіх зменаў у праектнай дакументацыі не адбылося.

Аднак улады абяцалі, што экалагічнае становішча ў раёне не пагоршыцца: каля парку высадзяць новыя дрэвы. Напрыклад, 2 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік заявіў, што побач будзе разбіты парк, «у некалькі разоў большы» за парк 40-годдзя Кастрычніка.

Людміла Гайкоўская апасаецца, што гэтыя абяцанні не выканаюць. Хаця новыя дрэвы сапраўды былі высаджаныя, саджанцы ўжо практычна ўсе вырваныя. Грамадскасці таксама стала вядома пра планы будаўніцтва ў раёне парку спартовага і забаўляльнага комплексаў. Адпаведна, не застаецца месца для абяцаных зялёных насаджэнняў. Мясцовыя жыхары баяцца, што яны так і не атрымаюць неабходнай інфармацыі пра планы забудовы каля парку, зазначыла ўдзельніца ініцыятыўнай групы.

Больш за тое, яна падкрэсліла, што ў звязку з дзейснасцю для абароны парку ёй двойчы пагражалі прадстаўнікі міліцыі ды КДБ, апошні раз – 14 красавіка.

belsat.eu

Стужка навінаў