Апытанне: Лукашэнка добры ў душы. Астыне і адпусціць усіх


Карэспандэнты «Белсату» пацікавіліся ў жыхароў сталіцы, ці ведаюць яны пра вызваленне Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі і што думаюць пра пераслед паводле палітычных матываў.

«Вядома, шкада людзей, што яны трапілі ў такую сітуацыю, – прызнаецца адна з апытаных. – Кожны мусіць мець сваё меркаванне, нават палітычныя… І за гэта не абавязкова саджаць».

«Нейкія зрухі ёсць, таму будзем чакаць. Вядома, трэба выпускаць», – перакананы наступны рэспандэнт.

«[Калі саджаюць] паводле палітычных матываў, дрэнна стаўлюся. Але рана ці позна іх выпусцяць. Патрымаюць-патрымаюць у турме і адпусцяць. Лукашэнка – ён добры ў душы. Астыне і адпусціць», – супакоіла спадарыня.

Двое апытаных звязваюць такі крок уладаў з «набліжэннем да Еўразвязу». Адзін з іх заявіў, што калі прэзідэнт не мае рацыі – «не нам яго судзіць», бо гэта справа Божая. Ён выказаў надзею, што ўсіх палітзняволеных адпусцяць, і меркаванне пра тое, што краіне патрэбная «працоўная апазіцыя, якая будзе мець свой план».

«Я б на месцы прэзідэнта іх выпусціла, вядома. Мне падаецца, што нашаму прэзідэнту канкурэнтаў няма пакуль што», – запэўніла іншая апытаная.

Наступны рэспандэнт парадаваў падрабязным адказам: «Лукашэнка ёсць, Лукашэнка і будзе. А хто апаненты ў яго, шчыра кажучы, я і не думаю. Я не згодны з такім палітычным рэжымам, зусім. Але калі вінаваты, дык вінаваты. А вінаватыя, скажу вам, усе. А калі ўсіх адпускаць або ціснуць – гэта таксама не справа. І што, яны выйдуць і будуць галасіць на ўсю Беларусь? Сэнс які, што яны будуць галасіць?»

Яшчэ адзін прадстаўнік маладога пакалення паведаміў наступнае: «У кожнай краіне ёсць палітзняволеныя, значыць, яны гэта заслужылі ў нейкім сэнсе».

Чатыры чалавекі сказалі, што не чулі пра вызваленне палітыкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў