Дадатковага эфіру не будзе. Папярэджання Лукашэнку таксама


Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла апазіцыйным кандыдатам у дадатковым эфірным часе на дзяржаўных медыях, а таксама не задаволіла скаргі на дзеянні кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

З супольнаю заяваю наконт дадатковага эфірнага часу выступілі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў. Іх падтрымалі таксама прадстаўнікі Віктара Цярэшчанкі, Яраслава Раманчука і Рыгора Кастусёва.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што адпаведны запыт быў скіраваны ў Белтэлерадыёкампанію. “Там адказалі, што свае абавязкі яны выканалі, параіўшы кандыдатам звярнуцца ў структуры, што не ўваходзяць у Белтэлерадыёкампанію”, – паведаміў Мікалай Лазавік. Чальцы ЦВК адзінагалосна вырашылі не задаволіць заяву апазіцыянераў.

На паседжанні ЦВК таксама разглядаліся заявы апазіцыйных палітыкаў наконт парушэння выбарчага заканадаўства з боку Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці гаворка вялася пра незаконнасць нарады, якую Лукашэнка правёў са сваімі даверанымі асобамі ў Адміністрацыі прэзідэнта, і пра агітацыю на Усенародным сходзе.

Паводле кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у абодвух выпадках заканадаўства Лукашэнка не парушаў. “Ніякіх захадаў рэагавання ў дачыненні кандыдата і ягоных давераных асобаў ЦВК прыняць не можа, бо меркаванне заяўнікаў заснаванае на павярхоўным разуменні Выбарчага кодэксу”, – заявіла Лідзія Ярмошына. Чальцы ЦВК адзінагалосна падтрымалі гэтую пазіцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў