Аляксандр Сінкевіч: Прыватызацыя ў Беларусі – як “чорная скрынка”


“Нас чакае прыватызацыя са стратамі – u’так яна адбывалася у 90-я гг. на постсавецкай прасторы, калі за капейкі прадаваліся цікавыя аб’екты”, – мяркуе эканаміст Аляксандр Сінкевіч. Паводле эксперта, у суседняй Расеі цяпер чакаецца “другая хваля” прыватызацыі, у якую можа “ўпісацца” і Беларусь.

“Усё, што мы назіраем у стасунках з Расеяй, адбываецца на фоне рэйдарскіх аперацыяў. Расейскі капітал не ўмее працаваць па-іншаму, ён гэтак працаваў у сябе ў 90-я гг., тыя самыя метады ён захавае і цяпер, гаворыць Аляксандр Сінкевіч. – Усе гэтыя газавыя, малочныя ды іншыя войны, што адбываюцца і адбываліся, – маюць пад сабою ў якасці падставы рэйдарскія захопы прамысловасці. Стыль размовы будзе сілавы, рэйдарскі”.

Цяпер паводле міністра эканомікі Мікалая Снапкова, Беларусь вядзе перамовы аб прыватызацыі васьмі прадпрыемстваў харчовай, дрэваапрацоўчай і будаўнічай галінаў. “Размова ідзе пра сярэднія прадпрыемствы, а не пра блакітныя фішкі. Перамовы аб блакітных фішках маюць свае эканамічныя і геапалітычныя нюансы і не з’яўляюцца індыкатарамі таго, як у нас праводзіцца прыватызацыя, у адрозненне ад такіх сярэдніх прадпрыемстваў”, – заявіў Снапкоў.

Эканаміст Аляксандр Сінкевіч папярэджвае: Беларусь чакае павольная, кропкавая прыватызацыя і далёка не заўсёды справядлівая. “Увогуле прыватызацыя ў Беларусі – вельмі закрытая, як “чорная скрыня” – па-сутнасці, адбываюцца дамовы паміж некалькімі людзьмі на падставе таямнічых экспертных ацэнак. Відавочна, што ў такіх умовах будзе адбывацца продаж ніжэй за рынкавы кошт”, – мяркуе эксперт.

Аляксандр Сінкевіч таксама падкрэслівае, што звычайна падчас прыватызацыі дзяржава выстаўляе на продаж малапрыбытковыя прадпрыемствы, што патрабуюць мадэрнізацыі ды інвестыцыяў. “Як мы бачылі па продажы “Белтрансгазу”, хутчэй за ўсё будуць прадавацца найбольш прыбытковыя прадпрыемствы”, – дадаў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў