Літва зноў перажывае за свае страты ў выніку санкцыяў


Да пераменаў у Беларусі не варта імкнуцца такімі спосабамі, якія могуць нанесці шкоду эканомікам краінаў Еўразвязу. Такое меркаванне выказаў 13 красавіка ў інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» міністр транспарту і камунікацыяў Літвы, лідар Руху лібералаў Элігюс Масюліс.

Як адзначае партал delfi.lt, сваю пазіцыю Масюліс выклаў пасля нядаўняй публікацыі агенцтвам «Regnum» інтэрв’ю беларускага пасла ў Літве Уладзіміра Дражына, які падкрэсліў: падтрымліваючы санкцыі ЕЗ у дачыненні Беларусі, Літва рызыкуе панесці мільярдныя страты з-за магчымага спынення транспартавання беларускіх грузаў праз клайпедскі порт.

Варта адзначыць, што МЗС Літвы назваў выказванні Дражына «тэндэнцыйнымі і некарэктнымі».

Кіраўнік літоўскага Міністэрства транспарту, у сваю чаргу, мяркуе, што не трэба блытаць эканоміку з палітыкай і заклікае літоўскіх палітыкаў «актыўна растлумачыць сітуацыю» Бруселю.

Паводле яго, страта плыні беларускіх грузаў нанясе Літве вялікую шкоду. «Мы перамаглі ў канкурэнтнай барацьбе з Латвіяй за гэтыя грузы, таму ўгнаенні і сельскагаспадарчую тэхніку беларусы вязуць праз Клайпеду. Гэта прыносіць нашай дзяржаве немалы прыбытак. Напрыклад, з 36,6 млн тонаў грузаў у клайпедскім порце летась прыкладна 5 млн тонаў складалі беларускія ўгнаенні. Кампенсаваць страты іншымі грузамі за кароткі час немагчыма. Калі мы страцім замовы Менску, беларускія грузы будуць перавозіцца праз Расею, па Чорным моры», – заўважыў міністр.

23 сакавіка Рада міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ прыняла рашэнне ўвесці санкцыі ў дачыненні 29 кампаніяў, якія належаць тром звязаным з рэжымам Лукашэнкі бізнесоўцам, а таксама ўключыць у спіс неўязных яшчэ 12 асобаў.

belsat.eu

Стужка навінаў