79-ы дзень пратэстаў у Беларусі: аб'яднаны марш, каля 400 затрыманых, забастоўкі на прадпрыемствах


Канфлікты рабочых з адміністрацыяй, сілавікі на вуліцах, заторы на дарогах. Так выглядаў першы дзень нацыянальнай забастоўкі, абвешчанай Святланай Ціханоўскай. «Белсат» падводзіць вынікі 79-га дня паслявыбарнага пратэсту.

Hавiны
Як прайшоў першы дзень агульнанацыянальнага страйку. Галоўнае
2020.10.26 22:04

Марш пенсіянераў, медыкаў і студэнтаў

26 кастрычніка ў Менску прайшоў аб’яднаны марш пенсіянераў, медыкаў і студэнтаў. Гэта быў чацвёрты па ліку марш. Такога шматлікага шэсця пенсіянераў у сталіцы яшчэ не было. Нягледзячы на вялікую колькасць сілавікоў, АМАП устрымліваўся ад затрыманняў дэманстрантаў да канца шэсця. Хапун пачаўся, калі людзі разыходзіліся.

Ціхары, «дружыннікі» і людзі ў форме вылоўлівалі выпадковых мінакоў, хапалі людзей на прыпынках, беглі за імі ў метро. Сілавікі нападалі на людзей у раёне ўніверсаму «Цэнтральны», на плошчы Якуба Коласа, Пушкінскай. Дэманстранты хаваліся ў крамах і кавярнях.

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя 329 імёнаў затрыманых сёння на акцыях па ўсёй Беларусі. Ёсць і 16-гадовая дзяўчына ў Першамайскім РУУС.

ВІДЭА
Марш пенсіянераў, медыкаў і студэнтаў
2020.10.26 14:04

 

Пасля маршу а 18:00 менчукі зноў выйшлі на пратэст у цэнтр гораду, грамадзяне хацелі сфармаваць ланцугі салідарнасці. Плошчу Незалежнасці ачапілі.

Некалькі сотняў чалавек, якія сабраліся, рушылі па праспекце ў бок Кастрычніцкай плошчы. АМАП разагнаў дэманстрацыю.

Святлана Ціханоўская ацаніла першы дзень страйкаў

«Я ганаруся ўсімі тымі беларусамі, якія не пабаяліся і выйшлі на нацыянальную забастоўку, хоць сумневаў у мяне ніякіх не было».

Святлана Ціханоўская ўпэўненая, што колькасць тых, хто далучаецца да забастоўкі будзе расці.

Больш глядзіце ў размове «Белсату»

Забастоўкі на прадпрыемствах

«Горадня Азот», «Інтэграл», «Атлант», «Белкамунмаш», Менскі электратэхнічны, Менскі маторны завод – іх рабочыя раніцай спрабавалі спыніць працу. Не менш за 13 працаўнікоў «Горадня Азоту» затрымалі. Рабочых цэхаў «Аміяк-3» і «Карбамід-4» гэта не напалохала, і яны пачалі страйк. Бастуе і адзін з цэхаў Менскага электратэхнічнага заводу.

Hавiны
Першы дзень агульнанацыянальнага страйку і ланцугі салідарнасці
2020.10.26 09:28

Працаўнікі МЗКЦ сёння з самай раніцы выходзілі на італьянскую забастоўку. Рабочыя былі на сваіх месцах, але нічога не рабілі.

Працаўнікі Парку высокіх тэхналогіяў двойчы блакавалі кальцавую аўтадарогу. Разганяць іх прыязджалі ўзброеныя сілавікі. Супраць бастуючых ужылі спецсродкі.

Шмат якія прыватныя фірмы ды індывідуальныя прадпрымальнікі таксама далучыліся да агульнанацыянальнага страйку. У цэнтры абласных гарадоў зачыніліся крамы, кавярні і майстэрні.

На свабоду выйшаў магілёўскі медык Андрэй Вярбіцкі, за якога заступіліся гараджане

У Магілёве на свабоду выйшаў вядомы медык Андрэй Вярбіцкі. Высокакваліфікаваны рэнтгенолаг правёў у ізалятары часовага ўтрымання агулам 26 дзён. Там цяжка хварэў. Сёння таксама маглі пасадзіць, але суддзя Аксана Ратнікава, якая разглядала трэцюю адміністратыўную справу за ўдзел у мірных пратэстах, дала штраф – 540 рублёў.

Аб’ектыў
Рэпрэсіі супраць усіх, як спосаб «перагарнуць старонку»
2020.10.26 23:12

Першы раз Вярбіцкага затрымалі 27-га верасня на Мірным маршы. Медыку разбілі галаву і завезлі з міліцыі ў шпіталь. Праз 2 дні, калі Андрэй Вярбіцкі ехаў здымаць пабоі ў судмедэксперта, затрымалі паўторна.

Журналістку Алену Доўнар вызвалілі з Акрэсціна пасля 30 содняў арышту

Журналістка Алена Доўнар (у чырвоным) выходзіць на волю з ізалятару на вуліцы Акрэсціна ў Менску пасля 30 сутак арышту.
Фота: ТК / belsat.eu

23-гадовую Алену Доўнар затрымалі 26 верасня на Жаночым маршы. На яе складалі два пратаколы: за ўдзел у акцыі 26 верасня і непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя Кастрычніцкага суда сталіцы Аляксандр Рудэнка даў дзяўчыне не толькі содні, але і штраф – 1350 рублёў. 2 кастрычніка перавезлі з жодзінскага ізалятара ў баранавіцкі. Маўляў, у жодзінскім бракавала месцаў.

Hавiны
Журналістку Алену Доўнар вызвалілі з Акрэсціна пасля 30 содняў
2020.10.26 18:08

belsat.eu

Стужка навінаў